Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штотыднёвік «Белорусы и рынок» на трыццаты год выданьня стане штомесячным


Газэта «Белорусы и рынок», архіўнае фота

Газэта «Белорусы и рынок» абвясьціла 11 лістапада аб пераходзе з 2020 году на штомесячнае выданьне, павелічэньне аб’ёмаў і накладаў.

Ад сьнежня 1990 году газэта выходзіла штотыдзень. Да 2005 году звалася «Белорусский рынок». Цяпер выдаецца на 16 палосах у фармаце А3 накладам каля 6800 асобнікаў.

З 2020 году, абяцае галоўны рэдактар Андрэй Александровіч, газэта стане выходзіць штомесяц на 32 палосах, а наклад павялічыцца. Задуманы таксама рэдызайн сайту выданьня Belmarket.by.

Зьменіцца аўтарскі склад, выданьне «абстрагуецца ад штотыднёвай інфармацыйнай гонкі» і «сканцэнтруецца на эканамічнай аналітыцы, дасьледаваньнях, аглядах рынкаў і выяўленьні трэндаў, якія ўзьнікаюць на іх». Таксама абяцаюць удзяляць увагу людзям зь бізнэсу і іхным жыцьцёвым гісторыям, праблемам кампаніяў і прадпрымальніцтва агулам.

«За апошнія гады мэдыйны рынак як у Беларусі, так і ў сьвеце зьведаў істотныя трансфармацыі, — гаворыцца ў звароце Александровіча. — Можна доўга і цікава расказваць пра надыход інтэрнэту, пра дамінаваньне сацыяльных сетак і іншыя працэсы ў сфэры масавых камунікацыяў. Аднак мы перакананыя, што друкаваныя СМІ, нягледзячы на іх агульнае скарачэньне, будуць жыць і нават разьвівацца. Пры ўмове, што іх будуць імкнуцца разьвіваць».

У 2015 годзе ў газэце адбыўся раскол, у выніку якога ўтварылася новае інтэрнэт-выданьне «БелРынок». Большая частка рэдакцыі тады звольнілася на знак пратэсту супраць рэдакцыйнай палітыкі новага кіраўніцтва пасьля зьмены складу акцыянэраў ЗАТ «Мэдыярынак», якое выступае заснавальнікам штотыднёвіка «Белорусы и рынок». З газэты тады сышлі вядомыя журналісты Ірына Крыловіч, Паўлюк Быкоўскі, Уладзімер Тарасаў, Тацяна Манёнак, Аляксандар Алесін ды іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG