Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша ніва» анансавала два новыя дзіцячыя часопісы


«Дуду» і «Асьцярожна, дзеці!» — два дзіцячыя часопісы, якія анансавала «Наша ніва»

Рэдакцыя беларускай газэты «Наша ніва» анансавала запуск двух папяровых беларускамоўных дзіцячых часопісаў: «Дуду» для дашкольнікаў (да 6 гадоў) і «Асьцярожна, дзеці» для малодшых школьнікаў.

На друк першых нумароў рэдакцыя хоча сабраць грошы праз інтэрнэт. На выданьне часопісу прапануюць ахвяраваць праз уласны сайт (так найменш грошай страцяцца праз пасярэднікаў) або праз сэрвіс Molamola.

Часопісы маюць выходзіць штомесяц і, як чакае рэдакцыя, надалей выйсьці на самаакупальнасьць.

Рэдакцыя «Нашай нівы» ўжо можа пахваліцца 15 выпускамі штомесячнага гістарычнага часопісу — «Наша гісторыя».

Як расказаў Свабодзе галоўны рэдактар Nn.by Ягор Марціновіч, «Дудý» гэта першае слова аднаго зь дзяцей галоўнага рэдактара «Нашай гісторыі» Андрэя Дынько. Над кожным з часопісаў, кажа Марціновіч, працуюць каманды з 5–7 чалавек, кожны мае свой профіль, каб у выданьнях было і нешта адукацыйнае, і забаўляльнае. Арыентыр — спазнаваньне сьвету, падарожжы.

«Мы спадзяваліся запускацца ўлетку але праз тыя бюракратычныя перашкоды, што нам чыняць чыноўнікі, адклалася амаль для зімы, — наракае ён. — Гэта проста ганебна для краіны, што мы не маглі тры разы атрымаць дазвол на выданьне дзіцячага беларускамоўнага часопісу з абсалютна абсурдных прычынаў: няправільная анкета ці нешта такое».

Ягор Марціновіч, архіўнае фота
Ягор Марціновіч, архіўнае фота

Якімі накладамі будуць выдавацца дзіцячыя часопісы, у «Нашай ніве» пакуль ня ведаюць — зьбіраюцца пачаць з тых накладаў, што цяпер мае «Наша гісторыя». Гэта звыш 5000 асобнікаў. Таксама ў рэдакцыі чакаюць замоваў ад абласных «Саюздрукаў».

«Праблема ў тым, што няма паўнавартаснай экспэртнай ацэнкі, паўнавартасных дасьледаваньняў, якія маглі б спрагназаваць, колькі будзе наклад, — тлумачыць Марціновіч. — Мы вельмі моцна прамахнуліся, калі запускалі „Нашу гісторыю“: аказалася, што попыт на першыя нумары разоў у пяць перавышаў тое, што мы прагназавалі».

***

Сама газэта «Наша ніва» цяпер выходзіць толькі ў інтэрнэце — ад выданьня папяровай газэты адмовіліся летам 2018 году. Зімой таго ж году некаторыя артыкулы на сайце сталі платнымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG