Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады дазволілі КХП-БНФ правесьці памятнае шэсьце да Лошыцкага яру


Дзяды ў Лошыцы ў 2017 годзе. Архіўнае фота

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ атрымала дазвол менскіх уладаў на правядзеньне 10 лістапада шэсьця да Лошыцкага яра і мітынгу ў гэтым месцы масавага расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.

Збор удзельнікаў акцыі заплянаваны на 12.00 каля дому культуры «Лошыцкі» (былы ДК камвольнага камбінату). У 12.30 пачнецца шэсьце да Лошыцкага яру, дзе з 13.00 да 15.00 пройдзе мітынг. Дазволеная колькасьць удзельнікаў да 200 чалавек.

Шэсьце і мітынг у Лошыцкім яры КХП БНФ традыцыйна праводзіць праз тыдзень пасьля аналягічнай акцыі ў Курапатах. Абедзьве акцыі прымеркаваныя да дня памінаньня продкаў Дзяды.

Лошыцкі яр — урочышча каля мікрараёну Лошыца ў Менску, дзе ў 1937–1941 гадах органы НКУС праводзілі масавыя расстрэлы. Дакладная колькасьць ахвяраў невядомая. Паводле ацэнак старшыні КХП БНФ Зянона Пазьняка, у Лошыцкім яры было пахавана ад 7 да 10 тысяч рэпрэсаваных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG