Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Акцыя адбудзецца нягледзячы ні на што» — пададзеная заяўка на шэсьце і мітынг у Курапатах


Шэсьце на Курапаты і мітынг на «Дзяды» у 2018 годзе.

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ падала заяўку на правядзеньне 3 лістапада ў Менску традыцыйнага шэсьця і мітынгу ў месцы згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты з нагоды дня памінаньня продкаў «Дзяды».

13 кастрычніка ў Менску адказны сакратар КХП-БНФ і кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі на сустрэчы з прадстаўнікамі сталічных і рэгіянальных ініцыятываў па мэмарыялізацыі месцаў масавага зьнішчэньня людзей у часы сталінізму паведаміў, што акцыя «адбудзецца нягледзячы ні на што».

«Мы ня можам здаць гэтае мерапрыемства. Плата, няплата (дзяржаўным службам за аказаньне паслуг падчас масавага мерапрыемства. — БелаПАН.) — гэта іншая тэма», — падкрэсьліў ён.

Чахольскі прапанаваў прадстаўнікам рэгіянальных ініцыятываў сабраць сваіх актывістаў і далучыцца да менскай акцыі на «Дзяды» з расьцяжкамі, на якіх былі б указаны назвы месцаў масавых расстрэлаў, мэмарыялізацыяй якіх яны займаюцца. Такім чынам, на яго думку, будзе паказана, «што прыяжджаюць людзі з усёй Беларусі і колькі такіх месцаў у краіне».

Заяўку на правядзеньне традыцыйнага шэсьця і мітынгу ў Лошыцкім яры ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій актывісты КХП-БНФ пакуль не падавалі. «Нам важна ў першую чаргу правесьці „Дзяды“ у Курапатах. Акрамя таго, у Лошыцкім яры можа быць іншы фармат», — цытуе БелаПАН адказнага сакратара партыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG