Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб быў працяг фільму — «Дарога на Курапаты – 2». Запавет фатографа Адраджэньня Ўладзімера Кармілкіна


Мітынг ля Опэрнага тэатру. 1995. Зьлева направа: Валянцін Голубеў, Уладзімер Кармілкін, Зянон Пазьняк, Юры Хадык

Сёньня 85 гадоў з дня нараджэньня беларускага фатографа Ўладзімера Кармілкіна. Свабода публікуе архіўную гутарку з Кармілкіным, якая адбылася амаль 17 гадоў таму.

Артыкул упершыню апублікаваны на сайце 27 лютага 2017 году.

У кватэры Ўладзімера Кармілкіна сабраны ўнікальны архіў па курапацкай тэме. Тут і рэчы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, знойдзеныя ў часе раскопак у канцы 1980-х — гліняныя кубкі, іржавы дрот, запальнічкі. Спадар Уладзімер захаваў нават стужкі зь вянкоў, якія калісьці ўскладалі ў Курапатах.

20 красавіка 2002. Мінулай ноччу згарэў намёт абаронцаў Курапатаў. Ганна Соўсь бярэ інтэрвію ў Сяржука Мацкойця. Фота Ўладзімера Кармілкіна.
20 красавіка 2002. Мінулай ноччу згарэў намёт абаронцаў Курапатаў. Ганна Соўсь бярэ інтэрвію ў Сяржука Мацкойця. Фота Ўладзімера Кармілкіна.



На сьценах кватэры спадара Ўладзімера — бел-чырвона-белыя сьцягі, якія людзі ў розныя гады несьлі ў Курапаты. І безьліч фатаздымкаў — у іх храналёгія курапацкіх падзеяў ад 1988 году.

Дарэчы, свае першыя здымкі пра Курапаты Ўладзімер Кармілкін зрабіў менавіта ў час вядомага мітынгу на Дзяды 1988 году. З таго часу цягам амаль 14 гадоў ён здымаў усе шэсьці й мітынгі ва ўрочышчы. У ягоным архіве ёсьць фатаграфіі пра візыт Біла Клінтана ў Курапаты і пра сёлетняе аднаўленьне разбуранага мэмарыяльнага знаку.

На стале ў спадара Ўладзімера — апошні альбом пра Курапаты з унікальнымі кадрамі. Вось крыжы, якіх ужо няма пасьля падзеяў 8 і 9 лістапада, вось грузавікі завальваюць людзей пяском, надпісы на расьцяжках, якія разарвалі амонаўцы, ды шмат іншага, што стала ўжо гісторыяй.

Кармілкін: Справа ў тым, што гэтых здымкаў вельмі шмат і, напэўна, ні аднаго, ні двух альбомаў ня хопіць, каб за столькі гадоў усё надрукаваць.

Уладзімер Кармілкін мае ўнікальную фанатэку — запісаныя на аўдыёкасэтах галасы ўсіх, хто выступаў у Курапатах на працягу больш як дзесяці гадоў.

Кармілкін: Амаль усе курапацкія падзеі запісаныя — Дзяды, шэсьці й мітынгі, вясной на Радаўніцу...

Вось, прыкладам, фрагмэнт выступу Зянона Пазьняка ў Курапатах на Дзяды ў 1991 годзе:

Пазьняк: Вельмі важна прыйсьці памянуць гэтыя мясьціны, памянуць нашых продкаў, і гэта дасьць нам духоўную сілу. Мы павінны вяртаць нашую гісторыю, мы павінны вяртаць нашую памяць. Мы павінны думаць, ўспамінаць і шанаваць нашых продкаў, нявінна забітых.

Акрамя аўдыёзапісаў, ужо некалькі гадоў спадар Уладзімер захоўвае і відэастужкі пра Курапаты. Сёньня мы разам зь ім яшчэ раз паглядзелі стужкі пра падзеі 8 і 9 лістапада. Уладзімер Кармілкін мяркуе, што з гэтага матэрыялу можна стварыць працяг фільму «Дарога на Курапаты».

Кармілкін: Міхаіл Жданоўскі зрабіў цікавую кінастужку пра Курапаты, Аляксандар Лукашук быў аўтарам сцэнару гэтага фільму. Хацелася б, каб быў працяг гэтага фільму — «Дарога на Курапаты – 2». Ёсьць аўдыёзапісы, ёсьць шмат фатаздымкаў, ёсьць відэаматэрыял. Можна зрабіць фільм на дзьве гадзіны.

Фатограф Уладзімер Кармілкін спадзяецца, што знойдуцца людзі, якія здолеюць ажыцьцявіць гэтую ідэю і скарыстаюць дзеля гэтага ягоныя аўдыё- і відэаархівы. Да таго ж усе дакумэнты пра Курапаты, якія спадар Уладзімер карпатліва зьбірае ўсе гэтыя гады, маглі б стаць экспанатамі будучага музэю ў Курапатах.

27.02.2002

Фатаздымкі Ўладзімера Кармілкіна цяпер знаходзяцца ў Архіве найноушай гісторыі. Іх паступова дыгіталізуюць і разьмяшчаюць на сайце vytoki.net

​***

Уладзімер Арлоў пра Ўладзмера Кармілкіна. З кнігі «Імёны Свабоды»

15 лютага – дзень нараджэньня Ўладзімера Кармілкіна, незалежнага журналіста й фатографа, які яшчэ пры жыцьці здабыў сабе славу летапісца БНФ і ўсяго беларускага адраджэньня. У гэты дзень за сталом у спадара Кармілкіна можна было сустрэць Зянона Пазьняка, Юрыя Хадыку, вядомых мастакоў, літаратараў, музыкаў. Іхныя клопаты й памкненьні былі і справаю яго жыцьця.

Безь ягонай рухавай цыбатай постаці я не магу ўзгадаць, здаецца, ніводнай вулічнай апазыцыйнай акцыі, дзе ён заўсёды апынаўся ў самым небясьпечным месцы. Памятаю, як на Чарнобыльскім шляху ён адарваўся ад аб’ектыва, каб перавязаць параненага, і сам атрымаў жорсткі ўдар па галаве.

Кармілкін ня меў найсучасьнейшай оптыкі, але гэта заўсёды кампэнсавалася ягоным таленавітым вострым вокам. Ён зрабіў тысячы здымкаў, многія сотні зь якіх застануцца для нашых наступнікаў у газэтных падшыўках і кнігах.

Ён глядзеў на сьвет ня толькі праз фотааб’ектыў. Неверагодна прыемна было убачыць у яго сваю новую кнігу з закладкай. Ён прасіў мяне напісаць раманы пра гетмана Астроскага і Станіслава Аўгуста Панятоўскага, нашага апошняга манарха.

Сваёй дачцэ, якая стала мастачкай, ён даў рэдкае й прыгожае грэцкае імя – Міліта (Мядовая).

Былы вайсковец, ён быў надзелены нечакана чуйнай душою і талентам сябраваць з многімі, але з асабліва трапяткім пачуцьцём ставіўся да Быкава. Ад’яжджаючы за мяжу, Васіль Уладзімеравіч атрымаў ад Кармілкіна ў падарунак «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяжок, зь якімі не расставаўся да сваіх апошніх дзён.

Уладзімер Кармілкін, Вільня, 16 студзеня 1991 г.
Уладзімер Кармілкін, Вільня, 16 студзеня 1991 г.



Паводле афіцыйнага пасьведчаньня аб сьмерці, жыцьцёвы шлях спадара Ўладзімера абарваўся пры нявысьветленых да канца абставінах 14 ліпеня 2002 году. Але гэтая дата ўмоўная. Кармілкіна знайшлі ў кватэры толькі празь некалькі дзён пасьля таго, як спынілася ягонае вальналюбнае беларускае сэрца.

Да болю шкада, што ён не пасьпеў зафіксаваць на стужку хроніку нашай будучай перамогі, у якую так верыў.

Не пагаджайцеся з тымі, хто кажа, нібыта незаменных людзей не існуе. Мінулася амаль чатыры гады, як Уладзімера Кармілкіна няма з намі, а яго месца летапісца змаганьня за дэмакратычную Беларусь па-ранейшаму застаецца вакантным...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG