Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як магілёўка тры гады ратуе бадзяжных жывёлаў. ВІДЭА


Алена Гадухіна (справа)
Алена Гадухіна (справа)

Алена Гадухіна чацьвёрты год кожныя выходныя выбіраецца ў людныя мясьціны Магілёва са спадзевам, што знойдзе новых гаспадароў для прытуленых ёю сабак і катоў. Яе заклік «Выратуйце ім жыцьцё, іх выкінулі на вуліцу!» чулі нямала гараджанаў. Свабода паназірала, як мінакі рэагуюць на пранікнёныя словы жанчыны.

Кінутых жывёлаў становіцца ўсё болей

Алена робіць маляром у будаўнічай арганізацыі. Увесь вольны час жанчына прысьвячае ратаваньню жывёлаў. У гэтым ёй дапамагае невялікая група неабыякавых гараджан. Усё неабходнае для догляду жывёлаў яна набывае за свае грошы і ахвяраваньні.

Паводле Алены, год ад году бадзяжных і кінутых жывёлаў у горадзе становіцца ўсё болей. Іншых захадаў, акрамя, як адстрэлу і ўсыпленьня, улады прапанаваць ня могуць.

Адзін з падкінутых Алене Гадухінай шчанюкоў
Адзін з падкінутых Алене Гадухінай шчанюкоў

Алена лічыць, што даць рады праблеме дапамог бы прытулак, але якім чынам дамагчыся яго адкрыцьця, ня ведае. На яе думку, варта было б прысьпешыць і прыняцьце закону «Аб абыходжаньні з жывёламі», які бы прадугледжваў адказнасьць для тых, хто выкідае сваіх гадаванцаў.

Куды падзець з кватэры сем сабак?

Ратаваць жывёлаў Алена пачала выпадкова. Тры гады таму не змагла прайсьці міма 9 выкінутых шчанят — раздала іх на базары. Зь цягам часу гэты занятак яе захапіў.

Прытуленыя шчанюкі дагледжаныя
Прытуленыя шчанюкі дагледжаныя

Падабраных жывёлаў Алена трымае ў сваёй кватэры, спадзеючыся, што хутка знойдзе для іх гаспадароў. Першыя тры гады так і было. Сабак і катоў яна раздавала дзясяткамі. Аднак цяпер з гэтым стала «зусім кепска». За апошнія тры тыдні ўзялі аднаго ката і шчаня.

Падлічыць, колькім жывёлам выратавала жыцьцё, жанчына не бярэцца. Катоў і сабак падкідваюць пад гаўбец яе кватэры ды прыносяць. Алена ня ўтойвае, што стамілася, але ня можа адвярнуцца ад тых, хто ў бядзе.

Прытулены Аленай Гадухінай шчанюк вывучае мінакоў
Прытулены Аленай Гадухінай шчанюк вывучае мінакоў

Цяпер у яе кватэры жывуць дзевяць сабак. Пасьля скаргі суседкі ЖЭУ загадала пазбыцца ад сямі, бо, паводле цяперашніх правілаў, трымаць у кватэры можна толькі двух.

Алена кажа, што калі ня знойдзе гаспадароў сабакам, то іх чакае ўсыпленьне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG