Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога кіраўніка дэпартамэнту авіяцыі асудзілі на 9 гадоў узмоцненага рэжыму

абноўлена

Уладзімер Косьцін, архіўнае фота
Уладзімер Косьцін, архіўнае фота

У судзе Цэнтральнага раёну Менску абвешчаны прысуд у закрытай ад публікі і журналістаў справе аб хабарніцтве экс-дырэктара дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту Ўладзімера Косьціна, а таксама грамадзян, якіх судзілі разам зь ім.

Экс-дырэктара Дэпартамэнту па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Уладзімера Косьціна прызналі вінаватым у хабарніцтве ў буйным памеры ды перавышэньні ўлады. Яго пакаралі 9 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Суд пастанавіў спагнаць зь яго 211 тысяч рублёў. Косьцін не адказаў на пытаньне, ці будзе ён абскарджваць прысуд.

На 2 гады пазбаўленьня волі асудзілі за даваньне хабару ​Віктара Воўчанку, былога інжынэра-інспэктара палётаў. Воўчанка сказаў, што ня будзе абскарджваць прысуд.

Трэцяга падсуднага, камандзіра авіясудна Андрэя Несьцерука, прызналі вінаватым у пасобніцтве, падробцы дакумэнтаў – і аштрафавалі на 5100 рублёў (500 базавых велічыняў). Несьцярук – адзіны з падсудных, хто ня быў пад вартай. Ад камэнтару ён адмовіўся.

Віктар Воўчанка (зьлева ў клетцы) і Ўладзімер Косьцін (справа) падчас суду
Віктар Воўчанка (зьлева ў клетцы) і Ўладзімер Косьцін (справа) падчас суду

Экс-дырэктара дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту Косьціна затрымалі 20 сакавіка 2018 году. КДБ паведаміў, што чыноўнік атрымаў ад бізнэсоўца 3,5 тысячы даляраў хабару і што справа заведзеная адначасова і на таго, хто даваў яму хабар. Працэс праходзіў у Цэнтральным раённым судзе Менску цягам кастрычніка-лістапада, адпачатку ў закрытым рэжыме.

Амаль паўгадзіны судзьдзя Юлія Гуштыр зачытвала сьпіс дакумэнтаў, якія належыць зьнішчыць пасьля працэсу. Сярод іх сэртыфікаты пілётаў, характарыстыкі на лётчыкаў, якія праходзілі навучаньне ці перакваліфікацыю, мэдычныя даведкі, пасьведчаньні, дзелавая перапіска Дэпартамэнту авіяцыі з авіякампаніямі і лётнымі ўстановамі з Расеі, Іраку, Азэрбайджану. Прагучалі некалькі дзясяткаў прозьвішчаў пілётаў.

Чаму гэтыя дакумэнты нельга было вывучаць у адкрытым працэсе? Дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Кісель спаслаўся на пастанову суду. Судзьдзя, адвакаты і сваякі асуджаных ад камэнтароў адмовіліся.

Чаму ў Беларусі могуць закрыць судовы працэс?

Закрытыя судовыя працэсы — даволі частая зьява ў судовай практыцы. Зь якіх прычын закрываюць ці спрабуюць закрываць працэсы ў Беларусі?

  • 25 кастрычніка ў Берасьцейскім абласным судзе скончыўся закрыты працэс у справе аб забойстве 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы. Маці загінулай дзяўчынкі Натальля Колб была асуджаная на 25 гадоў зьняволеньня, яе знаёмы, жыхар Лунінца Віктар Сяргель, атрымаў найвышэйшае пакараньне — расстрэл. Працэс быў абвешчаны закрытым ужо на першым судовым паседжаньні праз хадайніцтва падсуднай Натальлі Колб і яе былога мужа, якога сьледзтва прызнала пацярпелым. Прычына — нежаданьне публічнага выкрываньня абставінаў прыватнага жыцьця. Прысуд яшчэ не набыў моц.
  • 17 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме мусіў пачацца працэс над актывістам анархісцкага руху Зьмітром Паліенкам. На знак пратэсту Зьміцер Паліенка парэзаў сабе руку, працэс адклалі і аднавілі ўжо ў адкрытым рэжыме. Тыя абвінавачаньні ў бок актывіста, празь якія раней працэс закрылі, былі зьнятыя. Гаворка пра абвінавачаньне ў распальваньні варожасьці да міліцыянтаў ды іншыя эпізоды, пры дасьледаваньні якіх нібыта маглі стаць вядомыя службовыя таямніцы.
  • 5 лістапада ў Савецкім раённым судзе Менску пачаўся працэс над былым адказным супрацоўнікам Сьледчага камітэту Андрэем Качурам, якога вінавацяць у падбухторваньні да даваньня хабару. Абарона падсуднага адразу хадайнічала аб закрыцьці працэсу на той падставе, што са справы Качуры вылучаная іншая крымінальная справа, аб махлярстве, якая яшчэ расьсьледуецца, але суд з гэтым не пагадзіўся. Між тым ужо двойчы суд зачыняў перад журналістамі дзьверы. Гэта адбывалася, калі вывучаліся пэўныя дакумэнты з грыфам «тайна сьледзтва» і дапытваўся сьведка, які фігуруе ў іншай справе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG