Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалі судзіць былога высокапастаўленага чыноўніка Сьледчага камітэту


Будынак Сьледчага камітэту ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Суд адмовіўся закрываць працэс над адказным супрацоўнікам Сьледчага камітэту, якога вінавацяць ў падбухторваньні да хабару ў 25 тысяч даляраў.

Судзьдзя Аляксандар Воўк не пагадзіўся зь дзяржаўным абвінаваўцам Сяргеем Гіргелем і пастанавіў разглядаць у адкрытым рэжыме справу Андрэя Качура, былога намесьніка начальніка адной з упраў Сьледчага камітэту, абвінавачанага ў падбухторваньні да дачы хабару.

Пракурор даводзіў, што са справы Качура вылучаная іншая справа, аб махлярстве; яна яшчэ не расьсьледаваная, і таму нібыта трэба захаваць тайну сьледзтва. Паводле пракурора, Сьледчы камітэт таксама быў за тое, каб справу Качура разглядалі ў закрытым рэжыме. За гэта выказаліся і падсудны зь яго адвакатам.

У лютым 2019 году свае пасады ў цэнтральным апараце Сьледчага камітэту пакінулі Ільля Валозін, начальнік управы расьсьледаваньня эканамічных злачынстваў, і Андрэй Качур, намесьнік начальніка ўправы — начальнік аддзелу камплектаваньня кадрамі і ідэалягічнай працы. Андрэй Качур быў увогуле звольнены са Сьледчага камітэту, супраць завялі крымінальную справу паводле часткі 5 артыкулу 16 і артыкулу 431 — «падбухторваньне да дачы хабару». Іншыя абставіны справы Андрэя Качура невядомыя.

У Сьледчым камітэце ад камэнтароў цяпер адмаўляюцца. У лютым старшыня СК Беларусі Іван Наскевіч сказаў аб прычыне адстаўкі Качура і Валозіна, што інфармацыя пра іх зьявілася ад «сумежнай установы».

Андрэй Качур цяпер працуе па найме ў індывідуальнага прадпрымальніка, які носіць такое ж прозьвішча — Качур.

Падсудны ня ўзяты пад варту, у суд ён прыходзіць сам. Паводле пракурора, Качур знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд. Паводле абвіначаваньня, гаворка ў справе Качура ідзе пра спробу атрымаць хабар памерам 25 тысяч даляраў.

Віну Качур прызнаў цалкам.

Паводле сьледзтва, у 2017 годзе Андрэй Качур падбухторваў свайго знаёмага бізнэсоўца Андрэя Казачка даць хабар у 25 тысяч даляраў за паслабленьне пакараньня. У справе фігуруе і калега Качура Ільля Валозін, якому нібыта той павінен быў перадаць хабар.

Паказаньні Ільлі Валозіна ў судзе былі агучаныя ў закрытым рэжыме. Такое рашэньне судьдзя прыняў таму, што ў іх маглі прагучаць акалічнасьці, якія тычацца яшчэ не расьсьледаванай справы аб махлярстве, што вылучаная са справы Андрэя Качура.

У судзе прагучала інфармацыя, што ў ліпені 2018 году Андрэй Качур атрымаў чарговае званьне палкоўніка юстыцыі, а праз тыдзень быў узнагароджаны ордэнам «За бездакорную службу» 3 ступені. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Між тым на гэты момант пэўныя апэратыўныя структуры не маглі ня ведаць пра ягоныя дзеяньні ў 2017 годзе, якія цяпер разглядае суд, бо апэратыўная распрацоўка Качура тады ўжо вялася. Азнаямленьне з гэтымі апэратыўнымі матэрыяламі суд таксама зрабіў закрытым.

Мяркуецца, што адкрытае судовае паседжаньне адновіцца 6 лістапада.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG