Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі знайшлі 9 прадпрыемстваў зь сярэднім заробкам, меншым за 400 рублёў


Ілюстрацыйнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас заявіў на паседжаньні Савету Міністраў 5 лістапада, што ў краіне «практычна разабраліся» з прадпрыемствамі, дзе сярэдні заробак ніжэйшы за 400 рублёў, піша БелТА.

Такіх прадпрыемстваў засталося 9. Іх назвы ня згадваюцца, але сьцьвярджаецца, што «ва ўрадзе ведаюць, як будзе выпраўляцца сытуацыя», а «наступны этап — разабрацца з прадпрыемствамі, дзе сярэдні заробак ніжэйшы за 500 рублёў».

«Ліміт на ўгаворы прадметна разабрацца з кожнай такой арганізацыяй ужо вычарпаны, таму сёньняшняя размова на гэтую тэму — апошняе папярэджаньне, — заявіў Румас. — Мы дамовіліся, што, калі ня будзе зрухаў, урад па выніках году ўнясе кіраўніку дзяржавы прапановы аб вызваленьні ад займаных пасадаў адказных асобаў».

Румас адзначыў, што яшчэ адно нявырашанае пытаньне — гэта ліквідацыя раней назапашанага разрыву між ростам прадукцыйнасьці працы і ростам заробкаў. «Станоўчая дынаміка» ёсьць, але недастатковая, адзначыў прэм’ер: недапрацоўваюць органы нагляду і Дзяржкаммаёмасьці.

Тым часам сярэдні налічаны заробак у Беларусі з красавіка трымаецца на ўзроўні, вышэйшым за 500 даляраў, якія Аляксандар Лукашэнка абяцаў больш за 12 гадоў. Але больш за «па 500» налічваюць толькі ў 9 раёнах і 6 гарадах Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG