Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганкураўскую прэмію атрымаў раман пра няўдачніка


Жан-Поль Дзюбуа з прэміяванай кнігай «Ня ўсе людзі на сьвеце жывуць аднолькава»
Жан-Поль Дзюбуа з прэміяванай кнігай «Ня ўсе людзі на сьвеце жывуць аднолькава»

Сёлетнюю Ганкураўскую прэмію атрымаў раман Жан-Поля Дзюбуа «Ня ўсе людзі на сьвеце жывуць аднолькава» (Jean-Paul Dubois «Tous les hommes n’habitent pas le monde de la même façon»).

Раман Дзюбуа распавядае гісторыю чалавека, якому не пашанцавала ў жыцьці. «Існуе незьлічоная колькасьць спосабаў змарнаваць сваё жыцьцё», — кажа галоўны герой, седзячы ў турме ў Манрэалі ў адной камэры з забойцам, згадваючы сваё жыцьцё і спрабуючы зразумець, што ў ім пайшло ня так, як трэба.

Жан-Поль Дзюбуа (нар. 1950) піша раманы і працуе журналістам у францускім тыднёвіку L’Obs (Le Nouvel Observateur).

Разам з кнігай Дзюбуа за сёлетнюю Ганкураўскую прэмію змагаліся тры іншыя раманы:

Амэлі Натомб «Смага» (Amélie Nothomb «Soif») — раман пра апошнія дні жыцьця Ісуса Хрыста, у якім аповед вядзе, у першай асобе, сам Хрыстос.

Жан-Люк Коаталем «Сынава доля» (Jean-Luc Coatalem «La part du fils») — аўтар спрабуе разгадаць таямніцу свайго дзеда, якога ў 1943 годзе нацысты арыштавалі і няволілі ў канцэнтрацыйных лягерах Францыі і Нямеччыны.

Аліўе Рален «Зьнешні сьвет» (Olivier Rolin «Extérieur monde») — суб’ектыўны запіс падарожжа аўтара-журналіста празь сьвет і аўтара-чытача праз улюбёныя кнігі.

Ганкураўская прэмія лічыцца самай прэстыжнай літаратурнай узнагародай Францыі. Яе фінансавая частка чыста сымбалічная — 10 эўраў. Але прысуджэньне прэміі радыкальна павялічвае продаж кнігаў прэміяванага пісьменьніка і традыцыйна перасоўвае яго ў першыя рады францускай літаратуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG