Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 700 разоў менш за Гедройця. Як Ганкураўская прэмія стала адной з самых прэстыжных у сьвеце


Эдмон і Жуль дэ Ганкуры
Эдмон і Жуль дэ Ганкуры

Сёньня стане вядомы ляўрэат Ганкураўскай прэміі (Prix Goncourt), якая лічыцца адной з самых прэстыжных у сьвеце і найбольш прэстыжнай за кнігі на францускай мове. Тлумачым некаторыя аспэкты гэтай літаратурнай узнагароды.

Хто заснаваў прэмію

Прэмію заснаваў пасьпяховы францускі пісьменьнік і выдавец Эдмон дэ Ганкур (1822–1896), які здабыў прызнаньне ў літаратуры разам са сваім братам, таксама пісьменьнікам і выдаўцом Жулем дэ Ганкурам (1830–1870). Эдмон у тастамэнце запісаў увесь свой маёнтак на стварэньне і ўтрыманьне Ганкураўскай акадэміі, якая пачала прысуджаць штогадовыя літаратурныя прэміі ў 1903 годзе.

За што даюць

Марсэль Пруст, ляўрэат Ганкураўскай прэміі 1919
Марсэль Пруст, ляўрэат Ганкураўскай прэміі 1919

У першапачатковым выглядзе прэмія мела забясьпечваць новым таленавітым аўтарам сродкі, якія дазволілі б ім напісаць другую кнігу. Але інфляцыя «зьела» грошы за маёнтак Эдмона, укладзеныя ў дзяржаўныя аблігацыі, якія на інфляцыю не індэксаваліся. Цяперашні грашовы памер прэміі зусім сымбалічны — 10 эўраў. Аднак прысуджэньне прэміі, як правіла, імгненна павялічвае продаж кнігаў ляўрэата (як прэміяванай, так і іншых) ды прасоўвае аўтара ў першыя шэрагі францускай літаратуры, радыкальна паляпшаючы яго фінансавую сытуацыю.

Прэмію, згодна з рэглямэнтам, прысуджаюць за «найлепшы твор уяўленьня ў прозе, які зьявіўся сёлета» (le meilleur ouvrage d’imagination en prose, paru dans l’année). На практыцы прэмію даюць амаль выключна за раманы.

Хто прысуджае

Андрэ Мальро, ляўрэат Ганкураўскай прэміі 1933
Андрэ Мальро, ляўрэат Ганкураўскай прэміі 1933


Пра прысуджэньне прэміі вырашаюць дзесяць пісьменьнікаў, якія кааптуюцца пажыцьцёва ў Ганкураўскую акадэмію яе актуальнымі сябрамі, калі нехта з акадэмікаў памірае. За сваю працу акадэмікі-ганкураўцы не атрымліваюць аніякай платы. Плату атрымлівае толькі сакратарка Акадэміі, якая дапамагае арганізаваць пасяджэньні і галасаваньні акадэмікаў, але сама ў іх ня ўдзельнічае. Пачынаючы з 1920 году, Ганкураўская акадэмія праводзіць свае пасяджэньні ў першы аўторак месяца ў парыскім рэстаране «Drouant» на другім паверсе.

Як вызначаюць ляўрэата

У Ганкураўскай прэміі заўсёды толькі адзін ляўрэат. Ляўрэата абвяшчаюць у пачатку лістапада, вызначаючы найлепшы твор галасаваньнем сярод кнігаў, якія папярэдне прайшлі тры этапы вылучэньня: 1) 15 кніг (пачатак верасьня); 2) 8 кніг (пачатак кастрычніка); 3) 4 кнігі (канец кастрычніка).

На працягу першых дзесяці тураў галасаваньня прэмія можа прысуджацца толькі абсалютнай большасьцю галасоў. У турах ад адзінаццатага па трынаццаты дастаткова адноснай большасьці. У выпадку роўнай колькасьці галасоў голас прэзыдэнта Акадэміі на чатырнаццатым туры лічыцца двойчы.

Патрык Мадыяно, ляўрэат Ганкураўскай прэміі 1978
Патрык Мадыяно, ляўрэат Ганкураўскай прэміі 1978

Прэмію можна атрымаць толькі раз

Рамэн Гары, ляўрэат Ганкураўскай прэміі 1956 і 1975
Рамэн Гары, ляўрэат Ганкураўскай прэміі 1956 і 1975

Але ў гісторыі прэміі здарыўся выпадак, калі адзін пісьменьнік атрымаў яе двойчы. Быў гэта Рамэн Гары (1914–1980, францускі пісьменьнік габрэйскага паходжаньня, народжаны ў Вільні), якога прэміявалі ў 1956 годзе за раман «Карані неба» і ў 1975 годзе за раман «Усё жыцьцё наперадзе», які Гары выдаў пад псэўданімам Эміль Ажар (гэтую літаратурную містыфікацыю пісьменьнік адкрыў у кнізе, якую апублікавалі ўжо пасьля ягонай сьмерці).

Хто з сусьветна вядомых пісьменьнікаў атрымаў прэмію

Марсэль Пруст (1919), Андрэ Мальро (1933), Рамэн Гары (1956, 1975), Патрык Мадыяно (1978), Маргерыт Дзюра (1984), Мішэль Уэльбэк (2010).

А хто з сусьветна вядомых не атрымаў

Андрэ Жыд, Люі-Фэрдынанд Сэлін, Жан-Поль Сартр, Альбэр Камю, Клёд Сімон, Франсуаз Саган, Жан-Мары-Гюстаў Лё Клезіё.

Гендэрны дысбалянс і альтэрнатыва

Маргерыт Дзюра, ляўрэатка Ганкураўскай прэміі 1984
Маргерыт Дзюра, ляўрэатка Ганкураўскай прэміі 1984


У 1903—2018 гг. на агульную колькасьць 115 ляўрэатаў Ганкураўскай прэміі прыпала ўсяго 10 жанчын (каля 9%). І за гэты час усяго толькі тры жанчыны выбіраліся ў Ганкураўскую акадэмію на агульную колькасьць 60 акадэмікаў.

У 1904 годзе 22 супрацоўніцы часопісу «Шчасьлівае жыцьцё» (La Vie heureuse, сёньня Femina) заснавалі Прэмію Фэміна (Prix Femina) як альтэрнатыву «выключна мужчынскай» Ганкураўскай прэміі. У журы Прэміі Фэміна ўваходзяць выключна жанчыны. Прэмію прысуджаюць штогод у першую сераду лістапада за найлепшы твор францускай літаратуры ў прозе або вершах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG