Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніводнага сантымэтру ўкраінскай зямлі нашы вайскоўцы не пакінуць». Камандуючы апэрацыяй на Данбасе — аб разьвядзеньні войскаў


Раніцай 29 кастрычніка ў паселішчы Залатое на лініі разьмежаваньня на Данбасе пачалося разьвядзеньне ўкраінскіх войскаў і войскаў прарасейскіх сэпаратыстаў.

Па словах кіраўніка ўкраінскага МЗС Вадзіма Прыстайкі, працэс зойме прыкладна месяц.

Якая цяпер сытуацыя з разьвядзеньнем войскаў — у камэнтары «Настоящему времени» распавёў Уладзімер Краўчанка, камандуючы ваеннай апэрацыяй Аб’яднаных сілаў на ўсходзе Ўкраіны.

«Усё ідзе паводле пляну — і з нашага, і з таго боку. Усе фіксуецца АБСЭ. Вайскоўцы адведзеныя. Заўтра пераправяраюць і пераходзім на другі этап — разьмініраваньне, будзем прыбіраць фартыфікацыйныя збудаваньні» — распавёў Краўчанка.

Многія, у тым ліку і офіс прэзыдэнта Ўкраіны, заблыталіся, адкуль жа адводзяць войскі — з Залатога-4 або ад Залатога-4. Уладзімер Краўчанка растлумачыў сытуацыю:

«У нас, у вайскоўцаў, усё прывязваецца да абʼектаў, да населеных пунктаў. Атрымалася так, што прывязаліся да Залатога-4. Гэта бліжэйшы населены пункт, які ўсім вядомы і які знаходзіцца ля ўчастку разьвядзеньня. Але ён не ўваходзіць у межы ўчастку разьвядзеньня».

Паводле яго слоў, такая ж сытуацыя ў Пятроўскім (гэта наступны ўчастак разьвядзеньня — НВ). «Пятроўскае таксама не ўваходзіць у межы разьвядзеньня, то бок гэты населены пункт застаецца пад кантролем ўкраінскіх уладаў. Як і Залатое-4».

Камандуючы ваеннай апэрацыяй запэўніў, што і ўчастак разьвядзеньня, і станіца Луганская, і Залатое знаходзяцца пад кантролем Украіны.

«Усе блытаюць. Насельніцтва кажа, што баіцца застацца ў шэрай зоне. Гэта ніякая не шэрая зона. Шэрая зона — гэта мясцовасьць паміж лініяй фронту і з аднаго, і з другога боку. Гэтыя пазыцыі займаюць нашыя войскі і процілеглы бок. Там няма ўлады, і людзі прадастаўленыя самі сабе. Тут, у Залатым-4, будуць дзейнічаць органы мясцовай улады. Тут будуць прадстаўнікі нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, Нацыянальнай гвардыі, прадстаўнікі агульнага цэнтру па кантролі і каардынацыі » — растлумачыў Краўчанка.

«Ніводнага сантымэтру ўкраінскай зямлі нашы вайскоўцы не пакінуць, — запэўніў Уладзімір Краўчанка. — Усё будзе пад кантролем узброеных сілаў Украіны і іншых вайскоўцаў, якія бяруць удзел у апэрацыі абʼяднаных сілаў. Той, хто кажа, што гэта не так, — гэта поўная спэкуляцыя».

Якое Залатое?

У Залатым і на астатняй тэрыторыі зоны канфлікту 30 кастрычніка штаб Мінабароны Ўкраіны ўвёў так званы «жоўты» рэжым абмежаваньняў: паліцыянты могуць не толькі спыняць і правяраць дакумэнты, але і затрымліваць грамадзян. Значна абмежаваная і праца журналістаў, асабліва на ўчастку, з якога адводзяць узбраеньні. Фота і відэаздымкі забароненыя.

Залатое — гэта горад, які быў утвораны з пяці шахтарскіх пасёлкаў. Паміж імі невялікія адлегласьці, таму падзел населенага пункту ідзе па нумарах.

Чатыры Залатых — пад кантролем украінскіх уладаў, Залатое-5 — кантралююць сэпаратысты.

Блытаніна пачалася праз тое, што ўкраінскія чыноўнікі на чале з прэзыдэнтам Зяленскім заявілі, што з бліжэйшага да пазыцый сэпаратыстаў пасёлку Залатое-4 вырашана адвесьці войскі. Сытуацыя выглядала так, што ўкраінскія вайскоўцы пакідаюць населены пункт без кантролю. У Залатым-4 і ў Кіеве з-за гэтага пачаліся пратэсты.

На другія суткі, 30 кастрычніка, штаб міністэрства абароны Ўкраіны ўдакладніў, што пасёлак Залатое-4 не ўваходзіць у зону разьвядзеньня войскаў — пазыцыі ўкраінскага войска знаходзіліся побач.

Залатое-4 застаецца пад кантролем Кіева, але падыходы да яго зараз больш адкрытыя. За тым, каб сэпаратысцкія ваяўнікі не зайшлі ў населены пункт, абяцаюць сачыць у Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. «Мы цяпер кантралюем увесь пэрымэтар уезду і выезду з пасёлку, патрулюем вуліцы. Там хлопцы, якія працуюць ад Нацыянальнай паліцыі і Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны — усе яны бралі ўдзел у баявых дзеяньнях» — паведаміў Вадзім Траян, намесьнік кіраўніка Нацпаліцыі Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG