Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уварваньне турэцкіх войск у Сырыю суправаджалася ваеннымі злачынствамі — амэрыканскі чыноўнік


Турэцкая вайсковая тэхніка ў паўночнай Сырыі
Турэцкая вайсковая тэхніка ў паўночнай Сырыі

У сераду спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа заявіў, што сілы ЗША бачылі доказы ваенных злачынстваў падчас наступу Турэччыны на курдзкія ўзброеныя фармаваньні у Сырыі і запатрабавалі ад Анкары тлумачэньняў — ​паведамляе агенцтва Reuters.

«Шмат людзей уцякло, бо яны вельмі занепакоены гэтымі сіламі апазыцыі, што падтрымліваюцца Турэччынай, таксама як і мы. Мы бачылі некалькі інцыдэнтаў, якія мы лічым ваеннымі злачынствамі», — заявіў спэцпрадстаўнік па Сырыі Джэймс Джэфры падчас слуханьняў у Палаце прадстаўнікоў ЗША. Ён, аднак, сказаў, што не бло знойдзена доказаў этнічных чыстак.

Джэфры сказаў, што амэрыканскія чыноўнікі разглядаюць гэтыя справаздачы і на «высокім узроўні» запатрабавалі ад турэцкага ўраду тлумачэньняў. Ён таксама паведаміў, што службовыя асобы ЗША расследуюць справаздачу аб тым, што падчас турэцкага наступу ў якасьці зброі выкарыстоўваўся белы фосфар, што забаронена і лічыцца ваенным злачынствам.

Раней амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп заяўляў, што ЗША зьбіраюцца адмяніць санкцыі супраць Турэччыны ў сувязі зь нядаўнім уварваньнем турэцкіх войск у паўночна-ўсходні рэгіён Сырыі.

Рашэньне прэзыдэнта было прынята пасьля таго, як Расея і Турэччына дамовіліся аб спыненьні баявых дзеяньняў уздоўж сырыйска-турэцкай мяжы, а Расея разьмясьціла там свае войскі.

Наступ Турэччыны пачаўся пасьля нечаканага рашэньня прэзыдэнта Трампа вывесьці войскі ЗША з паўночнай Сырыі ў пачатку кастрычніка.

«Санкцыі будуць адменены, калі толькі ня здарыцца нешта такое, што нас не задавальняе», — заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у Белым доме ў сераду.

Ён заявіў, што Турэччына паабяцала спыніць баявыя дзеяньні ў рэгіёне і ператварыць у жыцьцё нядаўняе пагадненьне аб сталым спыненьні агню.

ЗША ўвялі санкцыі на мінулым тыдні ў адказ на нядаўні наступ Турэччыны на занятыя курдзкімі фармаваньнямі сырыйскія тэрыторыі. Турэччына лічыць курдзкія ўзброеныя фармаваньня «тэрарыстычнымі арганізацыямі» і хоча стварыць 30-кілямэтровую «зону бясьпекі» уздоўж сырыйскага боку мяжы, каб разьмесьціць там сырыйскіх уцекачоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG