Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сабраўся прадаць Казахстану буйны пакет акцый «Гомсельмашу»


«Гомсельмаш», архіўнае фота
«Гомсельмаш», архіўнае фота

У інтэрвію казахстанскаму інфармацыйнаму агенцтву «Хабар» Аляксандар Лукашэнка расказаў, што дамовіўся з кіраўніком Казахстану Касым-Жамартам Такаевым аб продажы буйнога пакету акцый беларускага холдынгу «Гомсельмаш».

Як перадае БелТА, Такаеў падтрымаў прапанову.

«Ён ужо зацікавіўся гэтым праектам, — казаў Лукашэнка пра Такаева. — Мы яго будзем абмяркоўваць. І калі мы на „Гомсельмашы“ пачнём вырабляць беларуска-казахстанскую тэхніку, хто ад гэтага страціць? Ніхто. Мы толькі выйграем».

Пра якую долю акцый і вытворчасьць якой тэхнікі ідзе гаворка, не ўдакладняецца.

Лукашэнка сьцьвярджае, што ў шэрагу краін, і ў тым ліку ў Казахстане, беларуская тэхніка набірае папулярнасьць, бо «вы ўжо наеліся, паспрабаваўшы імпартнай, так бы мовіць, тэхнікі — нямецкай, амэрыканскай», «накушаліся і кажуць — не, нам бы МТЗ».

У студзені 2018 году паведамлялася, што купіць 60–75% акцый «Гомсельмашу» хацела кітайская кампанія «Цзуншэнь», але калі беларускі бок выставіў ім патрабаваньні па захаваньні віду дзейнасьці, правядзеньні мадэрнізацыі і іншыя, кітайцы адмовіліся. Дзяржава прапаноўвала акцыі холдынгу ў абмен на інвэстыцыі ня менш як 500 млн даляраў.

«Гомсельмаш» ужо зьбіраў камбайны на супольнай вытворчасьці ў Казахстане, таксама ладзіў зборку камбайнаў на супольным прадпрыемстве ў Кітаі.

Завод «Гомсельмаш» быў заснаваны ў 1930 годзе. Выпускае розныя віды сельскагаспадарчых машын. У холдынг зь ім уваходзяць «Лідпраммаш» і Гомельскі завод ліцьця і нармаляў. Колькі цяпер чалавек працуе на заводах холдынгу, невядома, але ў 2016 годзе (калі апошні раз публікаваліся такія зьвесткі і калі працягваліся масавыя скарачэньні на «прамысловых гігантах») працаўнікоў было каля 8660.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG