Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дарагі Мігель!» Лукашэнка верыць, што рэвалюцыйная Куба стане пасьпяховай


Мігель Марыё Дыяс-Канэль Бермудэс і Аляксандар Лукашэнка
Мігель Марыё Дыяс-Канэль Бермудэс і Аляксандар Лукашэнка

Беларусь для Кубы заўсёды будзе надзейным і адданым сябрам. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў на афіцыйных перамовах з прэзыдэнтам Кубы Мігелем Марыё Дыяс-Канэлем Бэрмудэсам.

«Дарагі Мігель! Гэта ваш першы візыт у Беларусь у якасьці прэзыдэнта. Вы ўжо былі ў нас зусім нядаўна — у траўні 2016 году ў якасьці першага намесьніка старшыні Дзяржаўнай рады і Рады міністраў Кубы. І ў мяне была магчымасьць пазнаёміцца з вамі», — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Ён адзначыў, што апошнія 25 гадоў гераічнай гісторыі Кубы разгортваліся на яго вачах.

«Я быў добра знаёмы зь Фідэлем Кастра, у мяне да гэтага часу прыемныя ўражаньні ад сустрэч зь ім. Вельмі часта прыводжу яго ў прыклад многім іншым кіраўнікам дзяржаў. Гэта быў вялікі чалавек. Я блізка знаёмы з Раулем Кастра, добра ведаю вас», — сказаў Лукашэнка.

Гавана
Гавана

Ён падкрэсьліў, што ў Беларусі ўважліва назіраюць за тым, як на Кубе праводзіцца паглыбленае рэфармаваньне эканомікі і палітычнай сыстэмы.

«Мы вельмі хочам, каб рэвалюцыйная, стойкая, мужная Куба была заўсёды пасьпяховай, а кубінцы былі багатымі людзьмі», — запэўніў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка зьвярнуў увагу, што эканомікі краін не канкуруюць адна з адной, наадварот, ёсьць узаемная патрэба ў таварах, якія вырабляюцца ў Беларусі і на Кубе.

У сваю чаргу Мігель Марыё Дыяс-Канэль Бэрмудэс заявіў, што выбар Беларусі ў якасьці краіны першага ягонага замежнага візыту сьведчыць пра значнасьць і прыярытэтнасьць міжнароднага супрацоўніцтва. Паводле яго, Кубе «неабходная прадукцыя і тэхналёгіі зь Беларусі», а ў беларускім парку «Вялікі камень» кубінцы зацікаўленыя адкрыць фармакалягічную вытворчасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG