Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заплянаваны ў кастрычніку выхад Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу пад пытаньнем


Брытанскі прэм'ер і лідэр кансэрватыўнай партыі Барыс Джонсан

Брытанскія парлямэнтары могуць не пасьпець ухваліць законапраект аб выхадзе краіны з Эўразьвязу (Brexit) да 31 кастрычніка, як было заплянавана раней.

22 кастрычніка брытанскі парлямэнт у другім чытаньні ўхваліў (329 галасоў супраць 299) законапраект аб выхадзе Вялікабрытаніі з Эўрапейскага Зьвязу, але пасьля адмовіўся (322 галасы супраць 308) падтрымаць прапанову ўрада і абмежаваць час на абмеркаваньне законапраекту да трэцяга чытаньня. Такім чынам, у парлямэнтароў можа не хапіць часу, каб ухваліць законапраект аб Brexit да 31 кастрычніка, даты плянаванага выхаду Вялікай Брытаніі з ЭЗ.

Выступаючы пасьля галасаваньня, прэм’ер-міністар Барыс Джонсан заявіў, што чакае разгляду парлямэнцкага пляна па Brexit і мае намер дачакацца рашэньня ЭЗ аб магчымым пераносе тэрміну выхаду з Вялікай Брытаніі.

Джонсан настойваў на хутчэйшым прыняцьці дакумэнта для выкананьня свайго абяцаньня адносна Brexit 31 кастрычніка.

На мінулым тыдні Джонсан заключыў пагадненьне з Эўрасаюзам. 19 кастрычніка Палата абшчын адмовілася галасаваць за пагадненьне пра Brexit, прымусіўшы прэмʼер-міністра папрасіць ЭЗ адкласьці выхад.

Джонсан накіраваў у Эўразьвяз непадпісаны ліст з просьбай перанесьці тэрмін, заявіўшы, што ён усё яшчэ настойвае на выхадзе Вялікай Брытаніі 31 кастрычніка. У адваротным выпадку, заявіў прэмʼер-міністр, ён ініцыюе датэрміновыя выбары.

21 кастрычніка ўрад прадставіў законапраект аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЭЗ. Ён прадугледжвае ратыфікацыю пагадненьня і ўключае шэраг пераходных і ўдакладняючых палажэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG