Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятар змагаецца з расейскім прапагандыстам Салаўёвым: «Яны сьпяваюць пра цудоўную Расею, але любяць усё рабіць за мяжой»


Уладзімір Салаўёў
Уладзімір Салаўёў

Ужо больш за 175 тысяч чалавек падпісалі пэтыцыю з патрабаваньнем не дапусьціць атрыманьня расейскім тэлевядоўцам Уладзімірам Салаўёвым грамадзянства Італіі.

Два тыдні таму гэтую пэтыцыю, адрасаваную мэру італьянскай камуны Крэмэа, паблізу возера Кома, а таксама міністру ўнутраных спраў Італіі Лучанэ Ламарджэзэ, стварыў італьянскі сьвятар паходжаньнем з Расеі Сергій. Ён вядомы сваім Youtube-каналам «Клірык», на які падпісаны больш за 50 тысяч карыстальнікаў.

Расейская служба Радыё Свабода паразмаўляла з айцом Сергіем, каб зразумець, што ім рухае і на што ён разьлічвае:

— Асноўны мой матыў, што заахвоціла мяне зрабіць гэта: мне даслалі ролік (я не сачу, натуральна, за яго, з дазволу сказаць, творчасьцю), дзе Салаўёў у эфіры крычыць на татарына, які даслаў яму крытычнае паведамленьне. Мяне гэта вельмі абурыла, таму што я чуў пра тое, што гэта адыёзная фігура, што ён шмат сабе дазваляе, але каб вось так вось — я ня думаў. Я ня ведаў, што ён настолькі пераходзіць усе дапушчальныя рысы. І калі я гэта ўбачыў, у мяне ўзьнікла думка, як абкласьці гэтага чалавека. Мне зразумела, што ніякае расейскае заканадаўства ня будзе эфэктыўным, бо колькі ўжо было скаргаў на яго, колькі было апэляцый да правасудзьдзя, да справядлівасьці, да таго, каб спынілі ягоную агрэсіўную рыторыку. Нічога гэта не спрацавала і не спрацуе, я думаю.

Таму мы вырашылі, параіўшыся з іншымі блогерамі, падняць шум менавіта ў эўрапейскім грамадзтве, бо гэта ахілесава пята для многіх нашых айчынных прапагандыстаў, якія з экрану тэлевізара могуць сьпяваць пра цудоўную краіну [Расею], пра яе пасьпяховасьць, пра яе перадавое становішча, пра тое, як усё выдатна, якая мэдыцына выдатная, — але чамусьці і лячыцца, і адпачываць, і выдаткоўваць свае грошы, укладваючы ў нерухомасьць і іншыя актывы, яны любяць за мяжой.

Я, па праўдзе, ня супраць факту такога выдаткоўваньня сродкаў. Гэта асабістае жыцьцё, гэта ўласнасьць і права кожнага чалавека. Але тут ёсьць нейкі ідэйны, ідэалягічны дысананс, ён вельмі многіх турбуе. Таму было вырашана падняць такі вось рэзананс менавіта ў эўрапейскім грамадзтве непасрэдна ў краіне, дзе ён спрабуе акапацца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG