Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне Ван Гога, Далі і Матыса. Знакаміты музэй сучаснага мастацтва адчыняецца пасьля рэнавацыі


Людзі фатаграфуюць «Крык» Эдварда Мунка ў Музэі сучаснага мастацтва (MoMA) у Нью-Ёрку

У панядзелак 21 кастрычніка Музэй сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку (скарочана MoMA) адкрываецца для публікі пасьля беспрэцэдэнтнай рэканструкцыі. Праект пачалі некалькі гадоў таму, а апошнія чатыры месяцы музэй быў зачынены для наведнікаў. Прыблізны кошт рэнавацыі — 450 мільёнаў даляраў.

Экспансія і рэнавацыя

Цяпер музэй мае два галоўныя уваходы з 53-й вуліцы, прычым адзін зь іх вядзе непасрэдна ў новыя галерэі, частка якіх атрымала назву «Крыло Дэйвіда Гэфана» (David Geffen Wing). Гэфэн, прадусар і мэцэнат, ахвяраваў музэю 100 мільёнаў даляраў.

Музэй пераехаў у цяперашні будынак на 53-й вуліцы на Мангэтане ў 1939 годзе. Некалькі разоў праводзіліся рэканструкцыі і далучаліся новыя прасторы. Гэта самае сэрца Мангэтана і кожны квадратны мэтар тут на вагу золата. MoMA мае адзін з самых запатрабаваных музэйных адрасоў Нью-Ёрку і сьвету. У асобныя гады колькасьць наведнікаў перавальвае за тры мільёны ў год.

Наведнікам цяпер даступныя абодва будынкі — новы і стары. Таксама ў музэйны комплекс уваходзяць ніжнія паверхі жылой вежы Nouvel з апартамэнтамі-конда. Паведамляецца, што раскошны пэнтхаўс гэтай вежы выстаўлены на продаж за 63,8 мільёна даляраў.

Лесьвіца да шэдэўраў

Прыдзірлівыя экспэрты на працягу многіх гадоў скардзіліся на няпростую лягістыку перамяшчэньня па музэю. Асаблівыя нараканьні выклікалі эскалятары, вузкія, павольныя і звычайна перапоўненыя. Як адзначаў арт-крытык Філіп Кенікот у «Дэнвэр пост», «інтэлектуальная энэргія галерэй дзіўным чынам выдыхалася ў гэтай няздатнай вэртыкальнай прасторы, якая нагадвае гандлёвы цэнтар».

Цяпер зьявілася прывабная альтэрнатыва перамяшчэньню паміж паверхамі музэю — новая шырокая, залітая натуральным сьвятлом сталёвая лесьвіца. «Адно гэта апраўдвае рэнавацыя», — канстатуе Кенікот.

Творы Пабла Пікаса ў экспазыцыі MoMA
Творы Пабла Пікаса ў экспазыцыі MoMA

Пастаянная музэйная калекцыя ў асноўным выстаўлена, як і раней, у адпаведнасьці з храналёгіяй і стылістыкай карцін і скульптураў. Творы канца 19-га стагодзьдзя экспануюцца на пятым паверсе, працы сярэдзіны 20-га стагодзьдзя — на чацьвёртым, а новыя экспанаты — на другім.

Упершыню былі створаны галерэі на першым паверсе, куды ўваход з вуліцы бясплатны. Гэта можа паслужыць суцяшэньнем для тых, каму звычайны ўваходны квіток у MoMA за 25 даляраў задарагі. Дарэчы, уваход у папулярны ў публікі «сад скульптур» зьяўляецца бясплатным з 2013 году.

Легендарныя творы і ратацыя

Таксама ў музэі плянуецца ўвесьці ратацыю экспанатаў — кожныя шэсьць месяцаў трэцяя частка ўсіх твораў у галерэях будзе аднаўляцца. Такім чынам, кожныя паўгоду амаль усе выстаўленыя працы будуць заменяцца на новыя.

Тлумачыцца гэта тым, што музэй мае амаль дзьве тысячы твораў мастацтва, але частка зь іх ніколі не выстаўлялася ў самім будынку, бо ў галерэях не хапае месца.

Выключэньне зроблена для 15-20 твораў — у іх ліку «Зорная ноч» Вінсэнта Ван Гога, «Настойлівасьць памяці» Сальвадора Далі і «Танец» Анры Матыса. Мільёны турыстаў, што наведваюць Нью-Ёрк, прыходзяць у МоМА менавіта каб пабачыць гэтыя ўжо легендарныя карціны.

На выставе твораў Анры дэ Тулюз-Лятрэка ў MoMA ў 2014 годе
На выставе твораў Анры дэ Тулюз-Лятрэка ў MoMA ў 2014 годе

Зьяўленьне ў музэі новых памяшканьняў, паводле экспэртаў, дасьць магчымасьць музэю выстаўляць больш працаў мастакоў з Афрыкі, Азіі і Паўднёвай Амэрыкі, а таксама больш працаў мастачак-жанчын.
У новых галерэях адчыніцца гукавая інсталяцыя «Трапічны лес V» («Варыяцыя 1»), якую стварыў Дэйвід Т'юдар, разам з групай Composers Inside Electronics, а на шостым паверсе будуць знаходзіцца «спэцыяльныя выставы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG