Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждума Расеі адхіліла законапраект аб адмене роўмінгу паміж Расеяй і Беларусьсю


Дзяржаўная дума Расеі адхіліла законапраект аб адмене роўмінгу паміж Расеяй і Беларусьсю. Дакумэнт не падтрымалі ўрад і камітэт інфармацыйнай палітыкі ніжняй палаты парлямэнту, паведамляе​ «РИА Новости».

Законапраект, накіраваны на адмену «нацыянальнага роўмінгу» ўнутры Расеі і роўмінгу паміж абанэнтамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, быў адхілены расейскімі дэпутатамі ў першым чытаньні. За яго прагаласавалі 21,1% дэпутатаў.

Не прымаць законапраект рэкамэндавалі расейскі ўрад і камітэт інфармацыйнай палітыкі, інфармацыйных тэхналёгіяў і сувязі Дзярждумы , спасылаючыся на неабходнасьць наднацыянальнага рэгуляваньня паслуг сувязі ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Беларусь і Расея спрабавалі дамовіцца аб адмене роўмінгу з 2017 году. Рознагалосьсі паміж бакамі ўзьнікалі празь міжапэратарскія роўмінгавыя тарыфы і стаўкі інтэрканэкту (сума, якую апэратар плаціць другому за хвіліну размовы абанэнта па-за сваёй сеткай; у Беларусі яна складае 30 цэнтаў за хвіліну, у Расеі стаўка ўдвая ніжэйшая). На даручэньне прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі адмену роўмінгу меркавалася зацьвердзіць у верасьні 2019 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG