Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Букераўскую прэмію падзялілі на дваіх, парушыўшы правілы


Маргарэт Этвуд (зьлева) і Бэрнардын Эварыста
Маргарэт Этвуд (зьлева) і Бэрнардын Эварыста

Канадзкая пісьменьніца Маргарэт Этвуд зноў стала ляўрэаткай Букераўскай прэміі, але на гэты раз яна падзяліла ўзнагароду з брытанкай Бэрнардын Эварыста.

Маргарэт Этвуд атрымала ўзнагароду за раман «Запаветы» («The Testaments»). Гэта працяг яе раману «Аповед служанкі», які стаў бэстсэлерам і які лёг у аснову аднайменнага сэрыялу. Гісторыя адбываецца ў фантастычнай вэрсіі Новай Англіі ў ЗША ў блізкай будучыні — жорсткім каставым грамадзтве пад назвай Рэспубліка Гілеад, дзе да ўлады прыйшла рэлігійная расісцка-нацыяналістычная арганізацыя. Новая ўлады пачала зьмяняць грамадзтва паводле новых правілаў, заснаваных на Старым Запавеце. Гераіня кнігі — жанчына, якая спрабуе ўцячы ў Канаду.

Этвуд ўжо пяць разоў уваходзіла ў шорт-ліст прэміі, а ў 2000 годзе стала ляўрэаткай за раман «Сьляпы забойца». У беларускім перакладзе ў 2018 годзе выйшла яе кніга «Пэнэляпіяда» ў перакладзе Вольгі Калацкай. Вершы ў кнізе пераклала Марыя Мартысевіч.

Бэрнардын Эварыста ўзнагародзілі за раман «Дзяўчына, жанчына, усё астатняе»(«Girl, Woman, Other») — гэта кніга пра жыцьцё і барацьбу 12 жанчын, пераважна чарнаскурых брытанак. Аўтарка — дачка ангелькі і нігерыйца. Яе гераіні распавядаюць гісторыі сваіх сем’яў, сяброў і закаханых па ўсёй краіне на працягу многіх гадоў.

Пераможцы падзеляць прэмію ў 50 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Паводле правілаў прэміі, уведзеных у 1992 годзе, яе нельга дзяліць, але пасьля пяці гадзін абмеркаваньня журы вырашыла парушыць правілы, бо не магло вызначыцца якая зь дзьвюх кніг лепшая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG