Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта маразм». Выканкамаўцы прывезьлі прыёмнай сям’і бярозкі — саджаць, не спытаўшыся


У Беларусі 14 кастрычніка адзначаецца Дзень маці. Прыёмную сям’ю з Гомельскага раёну таксама павіншавалі са сьвятам — «падарылі» маці бярозавы гай. Улады настойліва хацелі пасадзіць дрэвы ў гародзе Алы Кудраўцавай. «Ледзьве адбілася ад іх! Мне не патрэбныя дрэвы з гародзе!», — абурылася прыёмная маці.

Дзеці ледзьве не плакалі, калі ўбачылі таблічкі з імёнамі. «Адзін зь іх сказаў: «Мама, гэта што мы цяпер — сябры дрэва? Не давай ім паставіць такія таблічкі, з нас жа іншыя дзеці будуць сьмяяцца», — распавяла жыхарка вёскі Бярозкі.

Ала Кудраўцава жыве ва ўласным доме. Яна выхоўвае восем прыёмных дзяцей узростам ад 8 да 17 гадоў.

Да Дня маці кіраўніцтва Гомельскага райвыканкаму вырашылі правесьці акцыю «Дрэва — маці» для дзяцей, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Пра акцыю дала справаздачу раённая дзяржаўная газэта «Маяк».

Выданьне зазначыла, што ў госьці да прыёмных маці прыехалі прадстаўнікі выканкаму, якія прывезьлі падарункі, у тым ліку саджанцы — «па адным дрэве на кожнага члена вялікай сям’і».

«У чацьвер чыноўнікі паведамілі мне, што пасадзяць мне ў гародзе сад. Маўляў, так мы вас павіншуем з Днём маці. Нічога, што гэта мой уласны дом? Хто-небудзь спытаўся, ці трэба мне сад? Паверце — ледзьве адбілася ад такой "цудоўнай прапановы". Кажу, што ў маім гародзе няма месца», — распавяла Ала Кудраўцава.

Нягледзячы на яе нежаданьне, у суботу з «раёну» прывезьлі таблічкі з імёнамі, прозьвішчамі дзяцей і надпісам ад імя дрэва «Мой сябар — такі і такі (імя і прозьвішча)».

«Чыноўнікі патлумачылі — ня хочаце, каб мы садзілі вам сад, то пасадзім бярозавы гай на пустцы каля вашага дому, але трэба, каб вашы дзеці паўдзельнічалі. Я кажу — калі трэба, то хай удзельнічаюць, толькі таблічкі не стаўце, бо дзеці баяцца, што зь іх будуць сьмяяцца іншыя дзеці. У панядзелак, сёньня, прыйшла старшыня сельсавету з пытаньнем «Дзе будзем ямкі капаць пад дрэвы?». І патлумачыла, што мы цяпер зь дзецьмі мусім даглядаць дрэвы. Я дзяцей выхоўваю, і мне яшчэ навязалі дрэвы даглядаць? А старшыня сельсавету кажа: «Вы не разумееце, што гэта вам падарунак!», — зазначыла Ала Кудраўцава.

Потым прыехала раённае кіраўніцтва і прапанавала дзецям «Давайце разам пасадзім дрэвы!». Дзецям абвясьцілі: «Цяпер гэта вашы сябры, вы павінны іх даглядаць!».

Пасьля «акцыі» дзеці спыталіся: «Мама, а гэта нармальна — з дрэвамі размаўляць?».

«Ці ёсьць у дзяцей сілы, каб цягаць ваду і паліваць дрэвы? І чаму прыёмная маці па лічыльніку плаціць за гэтую ваду?», — пытаецца Ала Кудраўцава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG