Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіроўца, празь якога ў «п’янай» аварыі загінулі 5 чалавек, атрымаў максымальны тэрмін

абноўлена

Наступныя 10 гадоў ён правядзе ў калёніі агульнага рэжыму. Такі вырак абвесьціў суд.

Паводле прысуду, Букраба выплаціць дваім пацярпелым 25 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Суд праходзіў у Бярозе з 2 кастрычніка. Пацярпелымі былі прызнаныя Кацярына Быцко, якая страціла ў аварыі малалетніх дачку і сына, Валянцін Бярнацкі, у якога ў аварыі загінулі сястра і пляменьніца, а таксама Ірына Талсьцяк, якая страціла сына. Суд прысудзіў Андрэю Букрабу выплаціць грашовую кампэнсацыю: 15 тысяч рублёў Валянціну Бярнацкаму і 10 тысяч рублёў Ірыне Талсьцяк. Кацярына Быцко пазоў да Букрабы не заяўляла.

Пракурор прасіў для Андрэя Букрабы максымальнае пакараньне паводле артыкула аб учыненьні ДТЗ з гібельлю двух і болей чалавек — 10 гадоў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Дзяржаўны абвінаваўца зьвяртаў увагу суду на тое, што ў момант аварыі Андрэй Букраба быў нецьвярозы.

Калі суд спытаў у пацярпелых, якога пакараньня варты, на іх думку, Андрэй Букраба, усе пацярпелыя выказаліся за «максымальнае пакараньне». Найбольш эмацыйнай была Кацярына Быцко, якая сказала, што калі б такое было магчыма, сама б патапіла падсуднага, «як ён патапіў яе дзяцей». «Ён зламаў усё маё жыцьцё», — сказала Кацярына Быцко.

Сёньня ў апошнім слове Андрэй Букраба зноў выбачыўся перад пацярпелымі і папрасіў іх «дараваць яму, калі гэта магчыма». У першы дзень працэсу, калі Андрэй Букраба расказаў, што выбачыўся перад пацярпелымі ў лістах з турмы, Кацярына Быцко сказала, што ня верыць ягоным словам. «Лепш бы ты і не пісаў, я нічому ня веру, напісаў пад дыктоўку тое, што трэба. Прападзі з майго жыцьця».

Аўтамабіль «Мэрсэдэс», на якім Букраба перакуліўся ў канал і праз гэта загінулі 5 чалавек, суд пастанавіў пакінуць пад арыштам.

Пацярпелая Кацярына Быцко сказала, што ня будзе абскарджваць прысуд. Ня будзе абскарджваць прысуд і Валянцін Бярнацкі, хоць суд задаволіў ягоны пазоў да Букрабы толькі часткова. Бярнацкі гэтак пракамэнтаваў прысуд, які вынесла судзьдзя Натальля Вакульчык: «Баяўся, што дасьць меней, але дала максымум. Хаця за такое — 5 чалавек няма — хіба гэта шмат? У маёй сястры ўсё было наперадзе, толькі прызначылі старшым касірам у краме, жыцьцё пачало складвацца — і ўсё, нічога няма».

Бацька і сябры Андрэя Букрабы ад камэнтароў адмовіліся.

Аварыя здарылася 7 ліпеня. Бездарожнік «Мэрсэдэс», якім кіраваў нецьвярозы 31-гадовы мясцовы жыхар, зьляцеў з дарогі на закругленьні і ўпаў у канал. У машыне было 10 чалавек. Загінулі пяцёра, у тым ліку трое дзяцей.

Паводле сьледчых, у момант аварыі хуткасьць аўтамабіля складала 90 кілямэтраў за гадзіну. У крыві кіроўцы быў выяўлены алькаголь — 1,59 праміле. Ён цалкам прызнаў сваю віну.

«Яшчэ раз прашу, прабачце: я нікога не хацеў забіваць», — сказаў у апошнім слове Андрэй Букраба.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG