Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей заклікаў супакоіцца наконт «развароту Беларусі на Захад»


Уладзімер Макей, архіўнае фота
Уладзімер Макей, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію для праграмы «Контуры» тэлеканалу АНТ прапанаваў «супакоіцца» тым, хто «раўнуе» Беларусь да Захаду і дадаў, што «ніхто нікуды не разварочваецца».

«Няхай супакояцца усе тыя, хто адчувае пэўную рэўнасьць ці падазронасьць ад таго, што ў нас вызначылася некаторае паляпшэньне стасункаў з Захадам. Гэта нармальна. Захад зьяўляецца для нас другім па значнасьці гандлёва-эканамічным партнэрам, і гэта абсалютна ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь мець нармальныя адносіны з Эўразьвязам ды іншымі заходнімі краінамі. Ад гэтага, можна сказаць, залежыць і лёс нашай краіны», — сказаў Макей.

Міністар падкрэсьліў, што Беларусь хоча мець добрыя, партнэрскія адносіны з усімі краінамі, якія «адчыняюць дзьверы перад намі» для гандлёва-эканамічнага, палітычнага і гуманітарнага супрацоўніцтва.

«Ніхто нікуды не разварочваецца. Мы хочам мець добрыя, нармальныя, збалянсаваныя адносіны з усімі кірункамі сьвету, з усімі вэктарамі. Гэта ў нашых інтарэсах, таму што наша эканоміка мае адкрыты характар, мы залежым ад сытуацыі на замежных рынках», — сказаў Макей.

Пра тое, што Беларусь не зьбіраецца «нікуды разварочвацца» і «сябраваць зь некім на шкоду Расеі, за кошт Расеі ці супраць Расеі» Макей казаў таксама ў нядаўнім інтэрвію «Голасу Амэрыкі».

Яшчэ ў 2016 годзе Макей у адным з інтэрвію адзначаў, што «мы ўжо стаміліся ўсе ў Беларусі, пачынаючы з кіраўніка дзяржавы і заканчваючы шараговым жыхаром краіны, казаць пра тое, што Беларусь нікуды не разварочваецца, не зьбіраецца разварочвацца, бегчы і адыходзіць ад Расеі. Мы як былі шчыльна прывязаныя эканамічна, па-чалавечы, палітычна, у вайсковай сфэры і ў іншых адносінах, так і застанемся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG