Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памідоры супраць бясплодзьдзя, грыбы — супраць раку. Апошнія навіны мэдыцыны


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Японскія навукоўцы сынтэзавалі штучную кроў, якая выратуе людзей ад страты крыві, а таксама высьветлілі, колькі трэба зьядаць грыбоў у тыдзень, каб засьцерагчы сябе ад раку прастаты. Апошнія навіны мэдыцыны ў аглядзе Настоящего времени.

Грыбы ў барацьбе з ракам прастаты

Навуковая група пад кіраўніцтвам японскага прафэсара Шу Чжана правяла дасьледаваньне сярод 36 тысяч мужчын ва ўзросьце 40-79 гадоў. Яны прааналізавалі звычкі мужчын у ежы, улічылі ўсе фактары, якія могуць спрыяць разьвіцьцю рака, — залішняя вага, недахоп фізычнай нагрузкі, курэньне і алькаголь. У выніку высьветлілі, што ў мужчын, у харчовай рацыён якіх уваходзілі грыбы, верагоднасьць разьвіцьця рака прастаты зьніжалася на 17%.

«Супрацьракавы эфэкт» навукоўцы тлумачаць магутнымі антыаксыдантамі, якія ёсьць у грыбах, L-эргатыанін і глутатыён. Каб зьнізіць рызыку разьвіцьця раку, грыбы трэба есьці ня менш трох разоў на тыдзень, заявілі навукоўцы. Прычым адна порцыя павінна быць ня менш за 7,6 грамаў.

Таматы змагаюцца з мужчынскім бясплодзьдзем

Навукоўцы ўнівэрсытэту Шэфілда зь Вялікабрытаніі высьветлілі, што дзьве сталовыя лыжкі канцэнтраванага таматнага пюрэ павышаюць якасьць спэрмы — рухомасьць і актыўнасьць спэрматазоідаў — на 40%.

І ўсё гэта дзякуючы рэчыву лікапін (менавіта ён надае памідорам насычаны чырвоны колер), які зьяўляецца антыаксыдантам і можа прадухіліць пашкоджаньне спэрматазоідаў. Лепш за ўсё, дарэчы, гэтае рэчыва засвойваецца менавіта з тэрмічна апрацаваных таматаў.

Колькасьць лікапіну, якую мужчыны прымалі кожны дзень падчас экспэрымэнту, эквівалентная двум кіляграмам вараных памідораў, таму ў сваім дасьледаваньні навукоўцы выкарыстоўвалі прэпарат у таблетках на аснове лікапіна.

Штучная кроў заменіць сапраўдную

Навукоўцы Мэдыцынскага каледжу нацыянальнай абароны Японіі ў лябараторных умовах змаглі стварыць чалавечую кроў. Яна падыходзіць для пераліваньня любому чалавеку, незалежна ад групы і рэзусу крыві. Навукоўцы спадзяюцца, што гэта можа значна павялічыць шанцы на выжываньне ў чалавека пры масіўным крывацёку, пры гэтым цалкам выключаецца магчымасьць перадачы ВІЧ і гепатыту.

Штучная кроў імітуе асноўную яе функцыю — захоўваньне i транспарціроўка кіслароду. Сынтэтычная кроў складаецца з чырвоных крывяных клетак крыві (эрытрацытаў) і трамбацытаў. Трамбацыты забясьпечваюць спыненьне крывацёку, а эрытрацыты — насычэньне арганізма кіслародам. У адрозьненьне ад донарскай крыві, якая захоўваецца да 35 дзён пры тэмпэратуры + 4-6С, штучная «не псуецца» пры пакаёвай тэмпэратуры на працягу году.

«Разумная майка» сочыць за лёгкімі

Майка Hexoskin канадзкай кампаніі Carré Technologie здольная дакладна ацэньваць стан лёгкіх, прычым на адлегласьці, што пазбаўляе пацыента ад неабходнасьці езьдзіць на маніторынг у клініку. У адрозьненьне ад традыцыйнага абсталяваньня, майку можна насіць незаўважна пад адзеньнем.

У смарт-майку ўбудаваныя датчыкі, якія ацэньваюць аб’ём удыханага паветра, частату дыханьня і сэрцабіцьця. Дадзеныя перадаюцца адмысловым дадаткам на мабільны тэлефон або кампутар. Смарт-майка можа быць асабліва карысная для пацыентаў з бранхіяльнай астмай, мукавісцыдозам або пасьля перасадкі лёгкіх. Дасьледаваньне навукоўцы з мэдыцынскага цэнтру Ўнівэрсытэту Радбуд (Нідэрлянды) упершыню прадставілі ў Мадрыдзе на міжнародным кангрэсе Эўрапейскага рэсьпіратарнага таварыства.

Нобэлеўскую прэмію па мэдыцыне ўручылі за дасьледаваньні гармонаў

Нобэлеўскую прэмію па мэдыцыне ў 2019 годзе атрымалі брытанскі навуковец з Оксфарду сэр Пітэр Рэткліф, амэрыканцы — прафэсар мэдыцыны ў Гарвардзе Уільям Кэлін і анколяг мэдыцынскага ўнівэрсытэту імя Джона Хопкінса Грэг Сэмэнза. Прэмія прысуджаная за дасьледаваньні клетак і таго, як яны адаптуюцца да недахопу кіслароду.

Сэмэнза і Рэткліф ў 2016 годзе ўжо сталі за гэтыя ж дасьледаваньні ляўрэатамі прэміі Ласкера, адной з самых прэстыжных узнагародаў для амэрыканскіх лекараў і біяхімікаў. Іх працы былі прысьвечаныя кіслароднаму галаданьню. Навукоўцы выявілі, што клеткі ў гэтых умовах выпрацоўваюць гармоны, якія ў сваю чаргу выклікаюць выпрацоўку чырвоных крывяных цельцаў. Таксама навукоўцы выявілі бялок HIF-1, які актывуецца толькі пры гіпаксіі.

Уільям Кэлін, анколяг з інстытуту ракавых дасьледаваньняў Dana-Farber пры Гарвардзкай школе мэдыцыны, прыкладна тады ж вывучаў хваробу Гіпеля-Ліндау, рэдкае генэтычнае захворваньне, якое таксама называюць цэрэбрарэтынальным ангіаматозам. Пры гэтай хваробе ў розных органах утворацца пухліны, прычым часьцей за ўсё яны сустракаюцца ў мазжачку і іншых аддзелах галаўнога мозгу, на сятчатцы, у нырках і наднырачніках. Паводле яго дадзеных, ген, які душыць рост пухлінавых клетак пры хваробе Гіпеля-Ліндау, таксама зьвязаны са зьнікненьнем бялку HIF-1 пры лішку кіслароду.

Экспэрты лічаць, што гэтыя адкрыцьці могуць дапамагчы знайсьці лекі ад шэрагу сардэчна-сасудзістых захворваньняў, некаторых разнавіднасьцяў раку і анэміі (малакроўя). Ужо сёньня некалькі кампаній спрабуюць выкарыстоўваць гармон HIF-1 для стварэньня чырвоных крывяных цельцаў у лябараторных умовах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG