Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША новыя ахвяры, хваробы і сьмерць якіх зьвязваюць з «вэйпінгам»


Мужчына паліць электронную цыгарэту

Прадстаўнікі агенцтваў аховы здароўя ў ЗША паведамілі ў пятніцу, што колькасьць людзей, якія захварэлі цяжкай хваробай лёгкіх, зьвязанай з «вэйпінгам» (паленьнем электронных цыгарэт — РС), вырасла больш чым у два разы — да 450 магчымых выпадкаў у 33 штатах. У тым ліку зафіксаваныя тры сьмерці і, магчыма, чацьвёртая, паведамляе The New York Times

«Пакуль гэтае расьледаваньне працягваецца, людзям варта падумаць пра тое, каб не выкарыстоўваць электронныя цыгарэтныя вырабы», — сказала доктарка Дана Міні-Дэльман, якая вядзе расьледаваньне гэтых выпадкаў у Цэнтры па кантролю і прафіляктыцы хваробаў.

Прадстаўнікі Цэнтра перакананы, што нейкі хімічны кампанэнт выклікае хваробу, але не ўпэўнены ў тым, які менавіта. У вадкасьці, якая выкарыстоўваецца ў электронных цыгарэтах выдзяляюць да 6 груп таксычных элемэнтаў і ня факт, што іх спалучэньне не стварае новыя таксыны.

Выданьне New England Journal сёньня апублікавала інфармацыю пра 53 пацыентаў у штатах Ілінойс і Вісконсін. Большасьць зь іх — маладыя мужчыны (сярэдні ўзрост — 19 гадоў), якія да таго мелі добрае здароўе. 98% зь іх давялося шпіталізаваць. Большасьць ахвяраў, паводле доктара Джэніфэр Лэйдэн з ілінойскага Дэпартамэнту аховы здароўя, палілі прадукт, у склад якога ўваходзіў ТГК — тэтрагідраканабінол, псыхаактыўны хімічны кампанэнт, які сустракаецца ў канапелі. Аднак пры гэтым большасьць таксама ўжывалі і нікатынавы прадукт.

Дактары кажуць, што гэтыя выпадкі сьведчаць пра новую зьяву — не пра разьвіцьцё ўжо існуючых праблем, зьвязаных з папулярнасьцю электронных цыгарэт.

Сярод пацыентаў выдзяляюць агульную рысу — усе яны трапілі ў рэанімацыю з дыхавіцай, якая зьявілася пасьля некалькіх дзён грыпападобных сымптомаў і высокай тэмпэратуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG