Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сатурна выявілі 20 новых спадарожнікаў. Цяпер вядома пра 82 — больш, чым у Юпітэра


Каманда астраномаў пад кіраўніцтвам Скота Шэпарда з амэрыканскага Інстытута Карнэгі выявіла 20 новых спадарожнікаў плянэты Сатурн. Такім чынам, іх агульная колькасьць дасягнула 82, і гэта больш, чым мае любая іншая плянэта ў Сонечнай сыстэме, паведамляе ​ВВС.

Спадарожнікі выявілі з дапамогай наземнага тэлескопа Subaru ў абсэрваторыі Маўна-Кеа на Гаваях.

Усе яны маюць дыямэтар каля пяці кілямэтраў. Сямнаццаць зь іх рухаюцца па рэтраграднай арбіце (у кірунку, супрацьлеглым кірунку кручэньня Сатурна вакол сваёй восі). Астатнія тры рухаюцца па прамой арбіце, два зь іх абыходзяць вакол Сатурна прыкладна за два зямныя гады, трэці — больш чым за тры гады. Пэрыяд абарачэньня рэтраградных спадарожнікаў — больш за тры гады.

Спадарожнікі пакуль не атрымалі назваў. Прапанаваць свой варыянт на сайце Інстытуту Карнэгі можа любы ахвотны да 6 сьнежня. Спадарожнікі (адпаведна прынятай клясыфікацыяй назваў) павінны атрымаць імёны ў гонар багоў інуіцкай, скандынаўскай і гальскай міталёгій.

З канца 1990-х гадоў плянэтай з найбольшай колькасьцю спадарожнікаў лічыўся Юпітэр. На сёньня вядома 79 спадарожнікаў Юпітэра, 27 — Урана, 14 — Нэптуна.

Астраномы лічаць, што частка новых спадарожнікаў — гэта рэшткі сама меней трох буйных нябесных целаў, разьбітых на кавалкі сутыкненьнямі зь іншымі спадарожнікамі або з вонкавымі аб’ектамі, напрыклад з астэроідамі.

«У гэтых спадарожнікаў дастаткова моцны нахіл арбіты адносна Сатурна, і яны даволі аддаленыя ад плянэты, так што мы ня думаем, што яны сфармаваліся адначасова з плянэтай. Мы лічым, што яны ў нейкі момант трапілі ў яе арбіту», — кажа Шэпард.

На пачатку існаваньня Сонечнай сыстэмы, калі Сатурн толькі фармаваўся, плянэту атачала шчыльнае воблака газу і пылу. Яно дапамагала расьсеяць энэргію абʼектаў, якія праходзілі побач. У большасьці выпадкаў гэтыя абʼекты прыцягваліся да плянэты і станавіліся яе часткай, кажа астраном.

«Мы лічым, што гэтыя новыя спадарожнікі ўзаемадзейнічалі з воблакам газу і пылу. Гэта былі астэроіды або камэты, якія праляталі непадалёк», — тлумачыць Шэпард.

Паводле Шэпарда, у Сатурна, імаверна, ёсьць яшчэ мноства спадарожнікаў, пра якія мы ня ведаем. Але астраномам патрэбныя больш магутныя тэлескопы, каб выявіць больш дробныя спадарожнікі, дыямэтар якіх складае каля кілямэтра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG