Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей спадзяецца, што Лукашэнка зьезьдзіць у Эўразьвяз да канца году


Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей, архіўнае фота

Пасьля адкрыцьця форуму «Менскі дыялёг» 7 кастрычніка міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей адказаў на пытаньні журналістаў і згадаў магчымасьць замежнай паездкі Аляксандра Лукашэнкі.

На пытаньне аб тым, чаму адклаўся візыт Магерыні ў Менск, Макей расказаў, што, калі эўрапейскія партнэры адказалі пра магчымую дату візыту, выявілася, што «існуе пэўная накладка ў графіку палітычных падзей», таму «мы ня здолелі забясьпечыць нармальны высокі ўзровень гэтага мерапрыемства» (Макей пагадзіўся з тым, што і тут няма «ніякай кансьпіралёгіі»). Але такую сустрэчу правядуць «раней ці пазьней», канкрэтнай даты пакуль няма.

Пасьля пытаньня «Калі ўжо Аляксандар Лукашэнка зьезьдзіць з афіцыйным візытам у Эўропу?» Макей расьсьмяяўся.

«Зьезьдзіць-зьезьдзіць, — адказаў з усьмешкай міністар. — Прыйдзе час — і зьезьдзіць».

На просьбу ўдакладніць, калі гэты час прыйдзе, Макей параіў чакаць — «празь некаторы час даведаецеся».

«Я спадзяюся, што сёлета зробім нармальны паўнавартасны візыт у тым ліку на прастору Эўрапейскага зьвязу, — сказаў ён. — Але я не разумею, чаму такі вялікі інтарэс. Мы заўжды казалі, што візыт ня мусіць быць дзеля візыту.

Візыт можа быць зроблены — гэта наш прынцыповы падыход — тады, калі ён падрыхтаваны, калі мы чакаем канкрэтных вынікаў ад гэтага візыту ў пляне разьвіцьця гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня, палітычнай, гуманітарнай супрацы і гэтак далей».

Аляксандар Лукашэнка ў Рыме, 2016 год
Аляксандар Лукашэнка ў Рыме, 2016 год

Лукашэнка даволі рэдка езьдзіць у краіны Эўразьвязу — доўгі час гэта было зьвязана з санкцыямі супраць яго і шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Першым пасьля скасаваньня санкцыяў — і апошнім на сёньня — візытам Лукашэнкі ў Эўразьвяз была паездка ў Рым і Ватыкан у траўні 2016 году.

Пасьля яго ня раз запрашалі ў краіны Эўразьвязу, але ён адмаўляўся — напрыклад, прамяняў Брусэль на Буда-Кашалёва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG