Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьмянілася ў Беларусі з 1 кастрычніка


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка

Пра зьмены кастрычніка — у падборцы Свабоды.

«Дармаеды» будуць цалкам аплочваць газ і ацяпленьне

Беларусам, якія трапілі ў «дармаедзкую» базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва, з 1 кастрычніка давядзецца плаціць за газ і ацяпленьне паводле эканамічна абгрунтаваных тарыфаў. Тых, хто знаходзіцца ў «цяжкай жыцьцёвай сытуацыі», мясцовыя камісіі ў каардынацыі працы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва могуць вызваліць ад поўнай аплаты паслуг ЖКГ.

Са студзеня 2019 году «дармаеды» цалкам аплочваюць гарачае водазабесьпячэньне.

На пачатак вясны ў базе «дармаедаў» налічвалася каля 425 тысяч чалавек, больш актуальнай лічбы чыноўнікі не называюць.

Падаражэе цукар і некаторыя цыгарэты

За кіляграм цукру цяпер трэба будзе заплаціць ад 1,5 рубля — гэта мінімальная розьнічная цана, якую ўстанавіла з 1 кастрычніка Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня. Да гэтага беларускі цукар каштаваў 1,43-1,49 рубля за кг, расейскі — на 20 капеек меней.

Даражэй на 5-10 капеек стануць некаторыя віды цыгарэт. Напрыклад, горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» з 1 кастрычніка падвышае цэны на некаторыя віды цыгарэт на 5 капеек, таксама падвысяць цэны кампаніі «Тытунь-інвэст» і «Беларусьгандаль» (поўны сьпіс можна паглядзець тут).

Каму больш не спатрэбіцца ліцэнзія для працы

Ад 1 кастрычніка 2019 году, паводле ўказу Лукашэнкі «Аб удасканаленьні ліцэнзаваньня», адмяняецца ліцэнзаваньне:

  • дыягностыкі, прафіляктыкі захворваньняў і лячэньня жывёлаў;
  • аховы юрыдычнай асобай сваіх супрацоўнікаў і маёмасьці;
  • паталягаанатамічнай дыягностыкі;
  • гандлю сродкамі супрацьпажарнай абароны;
  • гандлю мазутам і нафтабітумам;
  • захоўваньня і прыманьня ў заклад каштоўных мэталаў і камянёў;
  • трансьляцыі тэлевізійных праграм;
  • эфірнай трансьляцыі гукавых праграм.

Зьменяцца камісіі ў банках

Уладальнікі картак «Беларусбанку» з 1 кастрычніка будуць плаціць камісію за прагляд балансу на картцы ў прыладах «Белінвэстбанку» 0,5 даляра\эўра, 35 расейскіх рублёў, 1 беларускі рубель.

Раней банк увёў камісію (2,5% ад сумы) за зьняцьце гатоўкі ў банкаматах ААТ «Белінвэстбанк» (мінімальная камісія — 3 даляры\эўра\беларускія рублі або 110 расейскіх рублёў). Камісіі за зьняцьце гатоўкі ў банкаматах банкаў-партнэраў («БПС-Сбербанк» і «Белаграпрамбанк») «Беларусбанк» не бярэ.

Беларусы змогуць атрымаць пэнсіі за працу ў Чэхіі

1 кастрычніка набыла моц дамова аб пэнсійным забесьпячэньні паміж Беларусьсю і Чэхіяй ад 14 сакавіка 2018 году. Паводле яе, беларусы, якія раней працавалі ў Эстоніі, а пасьля выйшлі на пэнсію, будуць атрымліваць сваю частку пэнсіі за гэты час.

Фірмы, якія працаўладкоўваюць за мяжой, ня будуць узгадняць абвесткі з МУС

Агенцтвы, якія прапануюць беларусам працаўладкаваньне за мяжой, з 1 кастрычніка могуць не ўзгадняць свае аб’явы зь Міністэрствам унутраных спраў, аднак атрымліваць ліцэнзію на сваю дзейнасьць па-ранейшаму мусяць.

Беларусы ўсё часьцей зьяжджаюць за мяжу на заробкі: 2018 год стаў рэкордным у колькасьці працоўных мігрантаў — зьехала на 25% больш беларусаў, чым у папярэдні год.

Беларусь зьніжае экспартныя мыты на нафтапрадукты...

Беларусь з 1 кастрычніка зьніжае экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы тэрыторыі Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Цяпер стаўка экспартнага мыта на сырую нафту складае з 90,7 да 87,2 даляра за 1 тону, на бэнзін — з 49,8 да 47,9 даляра за 1 т, на таварныя бэнзіны — з 27,2 да 26,1 даляра за 1 т, на лёгкія, сярэднія дыстыляты, дызэльнае паліва, бэнзол, талюол, змазачныя і іншыя алівы — з 27,2 да 26,1 даляра за 1 т (было $ 27,2).

Памеры экспартных мытаў у трэція краіны карэктуюцца штомесяц і залежаць ад цэнаў на саму нафту. Пры гэтым Расея пастаўляе ў Беларусь нафту і нафтапрадукты бяз мытаў.

...І аб’яднае двух апэратараў «Дружбы»

Першага кастрычніка беларускія апэратары нафтаправоду «Дружба» — «Гомельтранснафта Дружба» (паўднёвая галіна, кірунак — Украіна і Польшча) і «Полацктранснафта Дружба» (паўночная галіна, балтыйскі напрамак) — аб'яднаныя ў адну кампанію.

Полацкая «Дружба» будзе значыцца ў складзе гомельскай нафтаправоднай кампаніі ў якасьці філіялу транзыту нафты «Наваполацак».

«Гомельтранснафта Дружба» перапампоўвае расейскую нафту ў краіны Эўропы, забясьпечвае вуглевадароднай сыравіной Мазырскі НПЗ. «Са зьяўленьнем філіялу „Наваполацак“ прадпрыемства будзе адказваць за пастаўкі расейскай нафты на „Нафтан“, транспартаваньне нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі», — растлумачылі БелТА ў кампаніі.

Галоўны інжынэр «Гомельтранснафта Дружба» Андрэй Вярыга раней казаў, што «на постсавецкай прасторы сёньня няма краінаў, якія б мелі разрозьненыя трубаправодныя сыстэмы, усюды ёсьць буйныя дзяржаўныя кампаніі, якія кіруюць усімі трубаправодамі ў краіне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG