Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрсэрк, але не дэструктыўны. Хто такі Вітаўт Мартыненка


Вітаўт Мартыненка, 2013 год

Беларускаму журналісту і музычнаму крытыку Вітаўту Мартыненку 29 верасьня споўнілася б 60 гадоў.

Да гэтай даты ў менскім Палацы культуры імя Шарко ладзяць акустычны канцэрт героі ягоных кніг: Ігар Варашкевіч, Алесь Камоцкі, Кася Камоцкая, Алесь Лютыч, Аляксандар Памідораў, Андрэй Плясанаў, Алег Хаменка і іншыя. Да канцэрту маюць выдаць зборнік песень на вершы Мартыненкі і ў ягоным перакладзе. Арганізатар канцэрту Віталь Супрановіч мяркуе, што Мартыненка — зь ліку тых, хто спрычыніўся да зьяўленьня беларускага року. Чаму?

Сьцісла

Вітаўт (Віктар) Мартыненка нарадзіўся ў Менску ў 1959 годзе, адвучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. Вядомы як папулярызатар беларускай рок-музыкі, суаўтар кніг «Праз рок-прызму» (1989, Нью-Ёрк) і «222 альбомы беларускага року і ня толькі» (2006, Менск) разам з Анатолем Мяльгуем, аўтар кнігі «Rock On-line» (2010, Менск). Працаваў у моладзевай газэце «Чырвоная зьмена» (1982–94), дзе ад 1983 году вёў музычную рубрыку; супрацоўнічаў з Радыё Свабода (1989–95); быў намесьнікам галоўнага рэдактара газэты «Кинонеделя Минска» (1994–97); кансультаваў лэйбл «БМАgroup» (1994–2006). Супольна з Анатолем Мяльгуем арганізаваў першы беларускі рок-клюб «Няміга» (1985–2003), удзельнічаў у арганізацыі фэстываляў «Тры колеры» і «Басовішча». У некаторых крыніцах сьцьвярджаецца, што гэта ён прыдумаў ужываць азначэньне «беларускі рок». Працяглы час хварэў на цукровы дыябэт, памёр у 2016 годзе, пахаваны на Паўночных могілках Менску.

«Сьвядома насаджаў» беларускі рок

Гурт «Мроя» ў 1980-я
Гурт «Мроя» ў 1980-я

На думку сьпевака Лявона Вольскага, Мартыненку можна апісаць як «нязломнага змагара, бэрсэрка». Вольскі кажа Свабодзе: Мартыненка праводзіў «сваю жорсткую лінію», не зважаючы на крытыку, неразуменьне і часта кпіны —– як задаў у маладыя гады, так і правёў тую лінію праз усё жыцьцё.

«Гэта вельмі рэдка ў нас бывае, у нашым краі татальных кампрамісаў і падладжваньня пад нейкія абставіны», — адзначае ён.

У 1980-я, у часы перабудовы паўсюль узьнікалі рок-клюбы з энтузіястамі на чале, ледзь ня ў кожным буйным горадзе, згадвае Вольскі. У Менску асноўнымі энтузіястамі былі Мартыненка і Анатоль Мяльгуй (да іх далучаліся Ўладзімер Зайчанка, Андрэй Іваноў) — яны размаўлялі з камсамольцамі, якія «дазвалялі і ўхвалялі» дзейнасьць музыкаў.

«Усе ведалі, што ёсьць Ленінградзкі рок-клюб, ёсьць Сьвярдлоўскі — канечне, хацелася, каб у нас таксама было нешта такое, — згадвае Вольскі, які ў тыя часы граў у гурце „Мроя“. — Гэта, канечне, сьмешная была ўстанова, там былі нейкія паседжаньні, штосьці разьбіралі... Але ладзіліся канцэрты, фэстывалі, асабліва першы фэстываль „Тры колеры“ зроблены перадусім намаганьнямі рок-клюбу».

Рок-клюб тады не вырашаў галоўную праблему музыкаў: каб выступаць, трэба было, каб чыноўнікі найперш «залітавалі» тэксты. На музыку ня так зважалі — толькі хацелі, каб «гэта ня вельмі агрэсіўна ўсё было», згадвае Вольскі. А ягонай «Мроі» не літавалі тэксты, хоць яна і значылася ў рок-клюбе — атэстацыю «Мроя» атрымала, толькі стаўшы ляўрэатам фэстывалю ў Наваполацку. Але рок-клюб спрабаваў уплываць на камісіі, спрыяць атэстацыі выканаўцаў, «што ўжо было сьмела і шмат што значыла».

Чаму Мартыненка гэтым займаўся? Вольскі кажа, ён найперш любіў сучасную на той момант музыку — постпанкаўскія гармоніі, якія лічыў «нейкім шаманствам».

Для стылю «Мроі» ён прыдумаў азначэньне stod-rock (стод — тое самае, што ідал), бачыў у іхных алягічных гармоніях паганскую архаіку. Для басіста зрабілі нават майку з надпісам Stod Rock і шасьціканцовым крыжам. А калі ў гурту зьявіліся «славянскія гармоніі», як у песьні «Зямля», Мартыненку гэта не спадабалася — «падавалася сыходам у бок чагосьці не таго, што трэба».

«А ўвогуле, апроч музыкі ён займаўся прасоўваньнем беларушчыны, беларускай ідэі, гэта была ягоная мэта і задача, — працягвае Вольскі. — Калі ён вёў калёнку ў „Чырвонай зьмене“, ён там аж… Мы малыя былі, сьмяяліся: вой, калі нехта па-беларуску, дык такі выдатны, такі выдатны. Але ён гэта рабіў сьвядома, ён насаджаў.

І гэта было неабходна, каб мы мелі хаця б тое, што маем цяпер у музычнай культуры. Бо калі мы пачыналі, граць на беларускай мове лічылася нейкім калгасным падыходам. І тое, што мы і „Бонда“ перайшлі на беларускую мову, гэта быў такі сур’ёзны, досыць сьмелы крок, бо масамі гэта не зусім ухвалялася — як і цяпер, былі папулярныя ўсходнія суседзі, усялякія „ДДТ“, „Чайф“… А да нас пасьля канцэртаў прыходзілі, казалі: „Вы крута граеце, канешне, але чаму на мове? Гэта ж калхазанства“».

«Спраўдзіліся дзьве мары: свая машына і свая краіна»

Валер Каліноўскі
Валер Каліноўскі

Рэдактар беларускай службы Радыё Свабода Валер Каліноўскі згадвае, што пазнаёміўся з Мартыненкам у газэце «Чырвоная зьмена» ў 1991 годзе, незадоўга да распаду Савецкага Саюзу.

Абодва яны былі ў сакратарыяце, па чарзе вярсталі газэту, якая ў той час была «прагрэсіўнай і нацыянальна сьвядомай», а журналісты «былі свабодныя, пісалі на важныя тэмы». Тады Мартыненка «быў фактычна славутым» — ужо выйшла кніга «Праз рок-прызму», яго ведалі як журналіста, дзеяча, рокера, музычнага крытыка.

«Вітаўт тады рабіў музычную старонку, музычныя агляды, а найперш ён рабіў гіт-парад Радыё Свабода і „Чырвонай зьмены“, — згадвае Каліноўскі. — Гэта цяжка цяпер уявіць, але тады, у канцы Савецкага Саюзу і на пачатку незалежнай Беларусі, дзяржаўнай прэсе і Радыё Свабода можна было рабіць супольныя праекты. Гэтыя гіт-парады гучалі на хвалях Свабоды і друкаваліся на старонках „Чырвонай зьмены“, а ў пераможцаў гіт-парадаў выходзілі постэры на дзьве старонкі, на развароце „Чырвонай зьмены“. Прыгожыя плякаты ён рабіў у межах магчымасьцей паліграфіі канца 80-х, яны і ў нас у рэдакцыі віселі».

У тыя часы Мартыненка насіў куртку, па якой яго лёгка было пазнаць: зь вялікім надпісам «Я беларус». У кабінэт у «Чырвонай зьмене», дзе працаваў Мартыненка, «ішлі патокам розныя дзеячы, актывісты, беларускія адраджэнцы, рокеры». Мартыненка тады рабіў і розныя сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя рэпартажы, якія гучалі на Радыё Свабода. Чыставікі сваіх важных рэпартажаў ён запісваў у адмысловы агульны сшытак, час ад часу даваў перачытаць іншым. На працы быў вельмі адкрыты, расказваў пра сваю сям'ю, жонку і дачку, пра тое, што піша і што слухае.

Свае паведамленьні на Радыё Свабода ён заканчваў фразай: «Гаварыў Вітаўт Мартыненка».

«Ён зарабляў невялікія ганарары, але для беларускіх журналістаў яны падаваліся істотнымі, — распавядае Каліноўскі. — Ён зьбіраў гэтыя грошы, вельмі хацеў купіць сабе машыну. І неяк паехаў у Мюнхэн, атрымаў ганарары і купіў сабе нямецкую машыну. Вялікая, прыгожая, мне падавалася, вельмі сымпатычная. Але машына была старая, на палове дарогі ў Нямеччыне паляцеў рухавік — рэшту грошай, што зарабіў, заплаціў за замену рухавіка.

Але ён быў вельмі шчасьлівы, бо зьдзейсьніліся дзьве ягоныя мары. Гэта было ўжо пасьля жніўня 1991 году — рады, што прыехаў на сваёй машыне ў сваю краіну, незалежную Беларусь».

«Панкаўская энэргетыка, але не дэструктыўная»

Журналіст Onliner.by Аляксандар Чарнуха кажа Свабодзе, што Вітаўта Мартыненку назваў бы хутчэй рок-актывістам, а не журналістам у клясычным сэнсе слова. Калі журналістыка — гэта больш «праца з фактурай», то ў Мартыненкі было «нешта больш эмацыйнае, асабістае».

«Але пры гэтым Вітаўт рабіў вельмі крутую і важную справу — быў сапраўды архіварыюсам таго, што называецца беларускім рокам», — кажа Чарнуха. Ён дапускае, што менавіта дзякуючы «апантанаму прасоўваньню» музыкаў Мартыненкам беларусы пазнаёміліся са шмат кім з выканаўцаў.

У Мартыненкі ёсьць і больш удалыя, і менш удалыя прыклады працаў, кажа Чарнуха. Кнігу Мартыненкі «Rock On-line» 2010 году, на яго думку, можна назваць проста «зборнікам срачаў у інтэрнэтах». Тым ня менш яе як «аскепак гісторыі» цікава пачытаць і ў 2019-м.

«Гэта вельмі весела: пачытаць, як людзі спрачаліся ў сеціве ў той час, і параўнаць з тым, як гэта адбываецца цяпер, — разважае ён. — Тады, мне падаецца, гэта ўсё было больш маштабна і дасканала. Людзі пісалі вялікія допісы, шмат разважалі над кожным камэнтаром, думалі, якія прывесьці аргумэнты і контраргумэнты».

Як колішні галоўны рэдактар Ultra-music.com Чарнуха згадвае: было вельмі весела назіраць за тым, як Мартыненка «лагініцца-пералагініцца, вядзе гаворкі сам з сабой» у камэнтарах. Ён параўноўвае гэта з тым, як Ягор Летаў намагаўся стварыць у расейскім Омску сыбірскі панк — невялікая група людзей запісвала музыку пад рознымі імёнамі, каб выглядала, што гэта глябальная зьява. Так і Мартыненка ствараў у камэнтарах ілюзію маштабнай дыскусіі.

«Гэта прыклад вельмі апантанага чалавека, які на 100% верыў у тое, што робіць, — апісвае Чарнуха Мартыненку. — Гэта тое, чаго нам цяпер не хапае, мне падаецца. Усе мы людзі творчыя, няўпэўненыя. Калі мы нешта хвалім, а нехта кажа, што гэта ня варта хваліць, у нас зьяўляецца сумнеў: а ці правільна мы робім? У Вітаўта такіх сумневаў, мне падаецца, не было. Ён заўсёды быў упэўнены, што ўсё робіць правільна. Гэта такая вельмі панкаўская энэргетыка, але яна дакладна не была дэструктыўнай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG