Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Каржа, мух і старпёраў


Макс Корж

Апошнія дні адна з самых гарачых і папулярных тэмаў у сацыяльных сетках — нядаўні канцэрт Макса Каржа, які сабраў у Менску поўны стадыён «Дынама». Пры гэтым кожнага, хто пра гэтага папулярнага сьпевака выказваецца крытычна, называюць «старпёрамі» альбо абвінавачваюць у «элітарнасьці».

Памятаю, пасьля рэфэрэндуму 1995 году (пра мову і сымбалі) на вочы трапілася карыкатура пра мух і г... з подпісам: «Мільёны мух ня могуць памыляцца». Так аўтары адрэагавалі на вынікі рэфэрэндуму, паводле якіх большасьць прагаласавала за дзяржаўнасьць расейскай мовы, савецкі сьцяг і герб.

Ладна палітыка, гэта складаная тэма, бо там «дэмакратыя», а гэта значыць — улада большасьці. Але кожны раз, калі вы прыўносіце аргумэнт «масавасьці» ў дыскусіі наконт густаў, музыкі ці мастацтва — памятайце, што Салаўёў — самы папулярны журналіст у Расеі.

Яшчэ больш недарэчна, калі ў такія дыскусіі прыплятаюць пытаньне ўзросту. Маўляў, калі хто ня любіць Каржа, дык ён стары і таму не разумее маладога пакаленьня. Гы.

Калі я лічу, што Корж — гэта прымітыўная дваровая музыка, а беларускія гурты Port Mone Trio, Nizkiz ці TonqiXod — гэта крута, то пры чым тут узрост? То бок я люблю ня толькі музыку свайго пакаленьня, Лявона і «Краму» — але і маладых, некаторыя зь якіх нават маладзейшыя за Каржа. Я люблю якасьць, а ня ўзрост.

Або калі мой 20-гадовы сын лічыць, што музыка 60–70-х, безумоўна, вышэйшая за цяперашнюю папсу і хіп-хоп — ён старпёр? Ці проста ў яго ёсьць музычны густ — у адрозьненьне ад прыхільнікаў Каржа?

А калі людзі ззамаладу любяць опэру і клясычную музыку — яны старпёры старпёраў?

Адсюль некалькі непазьбежных высноваў.

Кожны чалавек, які лічыць, што ўсё «новае» ці «сучаснае» лепшае за тое, што было раней, — дурань. Што лепшае — расейская літаратура канца 19 стагодзьдзя ці расейская савецкая літаратура 1930–50-х гадоў?

Кожны чалавек, які прыўносіць у дыскусіі пра якасьць мастацтва ці музыкі пытаньне ўзросту — дэмагог і, хутчэй за ўсё, дурань.

І яшчэ адно. Дам сваю афарыстычную фармулёўку слова «старпёр». Старпёр — гэта той, хто баіцца хоць нешта пікнуць пра маладых. Бо яму страшна. Бо такі чалавек занадта хвалюецца, што яго назавуць «старпёрам», ён настолькі заклапочаны, каб быць «у трэндзе», ён ня ўпэўнены ў сваіх густах — і ў выніку ён баіцца хоць нешта крытычнае заікнуцца пра густы і ўзровень «моладзі».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG