Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт «Крама» пачаў збор грошай на новы альбом


Гурт Krama

Беларускі рок-гурт «Крама» распачаў на Talaka.by збор сродкаў на запіс новага альбому, які стане ўжо дзявятым поўнафарматным дыскам каманды.

Музыкі адзначаюць, што папярэдні альбом — «Белая вада» — выйшаў пяць гадоў таму, а з таго часу «шмат чаго адбылося» (у тым ліку зьмяніўся галоўны гітарыст — заснавальнік «Крамы» Сяргей Трухановіч пакінуў гурт), і «ў выніку бясконцых экспэрымэнтаў ды пошукаў гурт Ігара Варашкевіча прыйшоў да запісу новага матэрыялу».

Працоўная назва новага альбому — «Зацьменны блюз». У яго плянуецца ўключыць 10 песень. Для запісу хочуць сабраць 15 000 рублёў. На старонцы збору грошай адзначаецца:

«Мы верым, што ўсе мы — адна вялікая сям'я, і гэты альбом мы хочам запісаць разам. Таму запускаем краўдфандынг-кампанію ў яго падтрымку, якая дазволіць кожнаму слухачу спрычыніцца да нараджэньня новага альбому».

Падтрымаць запіс альбому можна на сумы ад 2 рублёў. За 50 рублёў абяцаюць дыск з альбомам (будуць выдадзеныя лімітаванай сэрыяй) і запрашэньне на закрытую прэзэнтацыю, а таксама шэраг сувэніраў, за 200 рублёў — у дадатак да таго шарж ад лідэра «Крамы» Ігара Варашкевіча, за 500 рублёў — у дадатак да таго запрашэньне на рэпэтыцыю, за 3000 — эксклюзіўны акустычны канцэрт і ўсе папярэднія падарункі, а за 5000 — яшчэ і рыбалку з гуртом.

«Крама» называе сябе найстарэйшым з актыўных беларускіх рок-гуртоў. Заснаваная ў 1991 годзе на базе гурту «Рокіс» з вакалістам «Бонды» Ігарам Варашкевічам, «Крама» атрымала галоўную «Рок-карону» ў 1994 годзе, затым брала «кароны» «За вернасьць жанру», за «Традыцыі і сучаснасьць», за «Найлепшы альбом» («Хавайся ў бульбу», 2001) як найлепшы блюз-рок-выканаўца, а таксама іншыя ўзнагароды, у ліку якіх прэмія Rock Profi «За ўнёсак», якую выдавалі на падставе апытаньня дзясяткаў беларускіх музыкаў.

Неаднаразова «Крама» трапляла ў нефармальныя «чорныя сьпісы» беларускіх уладаў, а таксама стала першым гуртом, у якога беларускія ўлады выявілі «нізкі мастацкі ўзровень» (у 2007 годзе).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG