Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іначай выйграе Масква. Кіраўнік МЗС Літвы выступіў за дыялёг Эўразьвязу і Беларусі


Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус
Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус кажа, што апазыцыйныя кансэрватары дзейнічаюць на карысьць Расеі, калі прапануюць пазьбягаць дыялёгу зь Менскам.

«Замест таго, каб кожны тыдзень пытацца аб зьмене пазыцыі, яны маглі паклапаціцца пра тое, што няма нармальнага дыялёгу зь Беларусьсю. Якія могуць быць перамены ў дзеяньнях гэтай краіны, калі мы наогул не размаўляем?» — цытуе міністра Delfi.lt.

Так Лінас Лінкявічус адрэагаваў на агучаную занепакоенасьць, што афіцыйная Вільня можа зьмяніць пазыцыю і больш не блякаваць дамову Эўразьвязу зь Менскам аб супрацоўніцтве.

Лінас Лінкявічус выказаў перакананьне, што ягоныя апанэнты не ўсьведамляюць аднаго: адсутнасьць дыялёгу паміж Эўразьвязу і Беларусьсю на самой справе адпавядае інтарэсам адной краіны — Расеі. Сам ён ня ведае, сьвядома ці несьвядома кансэрватары «абараняюць інтарэсы Крамля».

Да гэтай пары Вільня блякавала ўсе пагадненьні аб адносінах Брусэлю і Менску. Кансэрватары кажуць, што іх турбуе аднаўленьне палітычнага дыялёгу паміж Літвой і Беларусьсю, а таксама нядаўняя сустрэча кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў дзьвюх краін у Нью-Ёрку.

Партыя кансэрватараў заявіла, што Лінкявічус ня робіць актыўных захадаў дзеля дасягненьня адзінай пазыцыі балтыйскіх краінаў і ўсяго ЭЗ да таго, каб не дапускаць на рынак зьвязу электраэнергію, выпрацаваную на Беларускай АЭС у Астраўцы. Кіраўнік літоўскай дыпляматыі адхіліў гэтую крытыку.

«Наш пункт гледжаньня на станцыю не мяняецца. Аднак мы бачым дыялёг у больш шырокім аспэкце. Важна, каб Беларусь захавала свой сувэрэнітэт, паколькі цяпер яна сутыкаецца з сур’ёзнымі выпрабаваньнямі. Хоць для нас таксама важныя правы чалавека, дзейнасьць палітычных партый у Беларусі», — падкрэсьліў Лінас Лінкявічус.

Па словах міністра, краіны – чальцы ЭЗ і Беларусь цяпер вядуць перамовы пра тое, як магло б выглядаць пагадненьне аб асновах шматбаковых стасункаў, а Літва імкнецца ўключыць у дакумэнт палажэньні аб дэмакратыі і ядзернай бясьпецы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG