Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чыстасардэчна раскайваюся». Што сказалі ў апошнім слове гомельскія «наркамінэры»


Кацярына і Станіслаў у судзе, 25 верасьня 2019 году
Кацярына і Станіслаў у судзе, 25 верасьня 2019 году

Суд Савецкага раёну Гомля 25 верасьня выслухаў апошняе слова абвінавачаных у распаўсюджваньні псыхатропных рэчываў — школьніцу Кацярыну і яе прыяцеляў. Пракурор запатрабаваў пакараць 17-гадовую Кацярыну і 18-гадовага Станіслава 11 гадамі пазбаўленьня волі.

Трэцяга фігуранта, 19-гадовага Андрэя, абмежаваньнем волі на тры гады. На судовым паседжаньні выступіў адвакат Станіслава. Яна прасіла суд перакваліфікаваць частку 4 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу на частку 3 артыкулу 328 — прыбраць кваліфікацыю «ў складзе злачыннай групы».

Злачынную групу характарызуюць такія прыкметы, як кіраванасьць, устойлівасьць, папярэдняя дамоўленасьць. У гэтай крымінальнай справе кіраўнік групы, «куратар» непаўналетніх, так і ня вызначаны. Удзельнікам групы можна прызнаваць асобу, якая дакладна ведала мэты і склад групы, удзельнічала ў плянаваньні, разьмеркаваньні роляў, спосабаў зьдзяйсьненьня злачынства. У выпадку са Станіславам такія кваліфікацыйныя прыкметы групы адсутнічаюць, на думку адвакаткі.

Абаронца зьвярнула ўвагу на такі момант абвінавачаньня, як «крадзеж псыхатропных рэчываў». Сьледзтва лічыць, што падлеткі скралі частку псыхатропных рэчываў, якія павінны былі «закласьці» для спажыўцоў. Станіслаў тлумачыў, што яны ня кралі псыхатропных рэчываў, а спажылі частку з дазволу «куратара». Адвакатка прасіла мінімальнае пакараньне для падабароннага.

Абвінавачаныя падлеткі ў судзе, 18 верасьня
Абвінавачаныя падлеткі ў судзе, 18 верасьня

Кацярына ў апошнім слове сказала, што падтрымлівае пазыцыю свайго адваката (ён прасіў не прымяняць да абвінавачаных кваліфікацыю «ў складзе групы») і дадала: «Я чыстасардэчна раскайваюся». Дакладна гэтаксама ў апошнім слове выступіў і Станіслаў.

Маці Кацярыны Тацьцяна зьвярнула ўвагу суду, што яе дачка раскайваецца, прызналася ў злачынстве, давала паказаньні.

Абвінавачаныя ў судзе 25 верасьня
Абвінавачаныя ў судзе 25 верасьня

На момант затрыманьня Станіславу было 17 гадоў, ён вучыўся ў каледжы. Ягоная 16-гадовая сяброўка Кацярына вучылася ў 11-й клясе. Паводле абвінавачаньня, непаўналетнія ў складзе злачыннай групы займаліся распаўсюджваньнем псыхатропных рэчываў. На судзе Станіслаў тлумачыў, што «працу» па распаўсюджваньні псыхатропных рэчываў знайшоў, заўважыўшы графіці на сьцяне з адрасам інтэрнэт-крамы. Ён рабіў закладкі ў Гомлі, Рэчыцы і Магілёве. Заданьні, інструкцыі, мэтады кансьпірацыі непаўналетні атрымліваў ад «нявызначанай асобы». Гэтая ж асоба пералічвала непаўналетняму грошы.

Зь цягам часу да «працы» захацела далучыцца сяброўка Кацярына. Спачатку Стас яе адгаворваў, потым саступіў. Непаўналетнія рабілі закладкі, здымалі гэта на фота, дасылалі каардынаты схованак «куратару» пад нікам «Баця».

Станіслаў «працаваў мінэрам» зь верасьня да лістапада 2018 году. Сяброўка далучылася да распаўсюджваньні «соляў», «кветак», «крышталёў» 24 верасьня. 21 лістапада абаіх затрымала міліцыя. Прысуд плянуецца агучыць 2кастрычніка.

Пасьля апошняга слова, перад тым, як пакінуць залю паседжаньня, Станіслаў і Кацярына моцна абняліся ў «клетцы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG