Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор папрасіў 11 гадоў пазбаўленьня волі для гомельскай школьніцы за распаўсюджваньне псыхатропаў


Абвінавачаныя падлеткі ў судзе, 18 верасьня
Абвінавачаныя падлеткі ў судзе, 18 верасьня

У судзе Савецкага раёну Гомеля 18 верасьня прайшлі спрэчкі бакоў па крымінальнай справе, зьвязанай з распаўсюджваньнем асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў. Пад крымінальны перасьлед трапілі непаўналетнія «мінёры».

Пракурор папрасіў пакараць 17-гадовую Кацярыну пазбаўленьнем волі тэрмінам на 11 год, яе прыяцеля Станіслава — таксама на 11 год. Трэцяга фігуранта справы, Андрэя — абмежаваньнем волі да 3 гадоў з накіраваньнем на «хімію».

На момант затрыманьня Станіславу было 17 гадоў, ён вучыўся ў каледжы. Ягоная 16-гадовая сяброўка Кацярына вучылася ў 11 клясе. Паводле абвінавачаньня, непаўналетнія ў складзе злачыннай групы займаліся распаўсюджваньнем псыхатропных рэчываў. На судзе Станіслаў тлумачыў, што «працу» па распаўсюджваньні псыхатропных рэчываў знайшоў, заўважыўшы графіці на сьцяне з адрасам інтэрнэт-крамы.

«Я думаў, і мне казалі, што я буду займацца продажам араматызаваных курыльных сумесяў. Думаў — папрацую месяц і кіну», — даваў паказаньні на судзе Станіслаў. Ён дадаў, што дастатак у сям'і быў невысокі — бацькі не было, выхоўвала дзяцей адна маці.

Ён рабіў закладкі ў Гомлі, Рэчыцы і Магілёве. Заданьні, інструкцыі, мэтады кансьпірацыі непаўналетні атрымліваў ад «неўстаноўленай асобы». Гэтая ж асоба пералічвала непаўналетняму грошы.

Зь цягам часу да «працы» захацела далучыцца сяброўка Кацярына. Спачатку Стас яе адгаворваў, потым — саступіў. Непаўналетнія рабілі закладкі, здымалі гэта на фота, дасылалі каардынаты схованак «куратару» пад нікам «Баця».

Станіслаў «працаваў мінёрам» зь верасьня да лістапада 2018 году. Сяброўка далучылася да дзейнасьці па распаўсюджваньні «соляў», «кветак», «крышталяў» 24 верасьня. 21 лістапада абаіх затрымала міліцыя.

Разам зь імі ў міліцыю трапіў 18-гадовы Андрэй. Ён працаваў «трафарэтчыкам» — наносіў на сьцены будынкаў адрасы інтэрнэт-крамаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG