Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За бунт у калёніі ў Івацэвічах пакаралі ня менш за 60 чалавек, — праваабаронцы


Калёнія «Воўчыя норы», архіўнае фота

Магілёўскія праваабаронцы са спасылкай на сваякоў зьняволеных пішуць на Mspring.online, што бунт у івацэвіцкай калёніі 3–4 лістапада 2018 году быў большым па маштабах, чым лічылася раней.

Пасьля інцыдэнту ў івацэвіцкай калёніі было вядома, што адтуль этапавалі тры дзясяткі чалавек, і практычна ўсе яны трапілі або ў Магілёў на год турмы, або ў Жодзіна на тры гады. Але высьветлілася, што этапавалі ня тры дзясяткі, а сама меней 60 чалавек. Некаторых зь іх дадаткова асудзілі за «злоснае непадпарадкаваньне» паводле арт. 411 КК.

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў ня змог апэратыўна пракамэнтаваць гэтыя зьвесткі, Свабода выслала пісьмовы запыт.

Што за бунт

Спачатку ўлады адамаўлялі зьвесткі пра бунт, але ў дакумэнтах этапаваных сярод парушэньняў значыўся і ўдзел у пратэстах.

Як сьцьвярджаюць праваабаронцы, праблемы ў івацэвіцкай калёніі пачаліся з прызначэньня намесьнікам начальніка ў рэжымна-апэратыўнай працы Валянціна Столяра, пасьля чаго пачаліся «невыносныя ўмовы ўтрыманьня» і «рэзкае павелічэньне колькасьці дысцыплінарных спагнаньняў».

У ноч з 3 на 4 лістапада ў «Воўчых норах», як называюць Івацэвіцкую калёнію, пачалася акцыя пратэсту. Кажуць, два атрады патрабавалі не вывозіць з калёніі «прадстаўнікоў крымінальнага сьвету са статусам», а неўзабаве іх падтрымалі «практычна ўсе сядзельцы». Вязьні заблякавалі дзьверы ў атрадах і патрабавалі сустрэчы з начальнікам Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

На тэрыторыю калёніі ўвялі спэцвойскі МУС, але абышлося бяз гвалту. З ананімных крыніцаў стала вядома, што канфлікт нібыта ўлагодзіў начальнік калёніі — палепшылася мэдыцынскае абслугоўваньне, аддзел цэнзураваньня пошты стаў працаваць рэгулярна, уладу Столяра абмежавалі.

Прынамсі некаторыя з удзельнікаў бунту асуджаныя паводле «наркатычнага» артыкулу 328, прычым некаторыя былі арыштаваныя ў 18 гадоў, адразу пасьля школы. Маці зьняволеных кажуць, што ў тых умовах, у якіх утрымліваюць вязьняў, ні пра якое «выпраўленьне» чалавека ня можа быць гаворкі, і наўрад ці чалавек пасьля калёніі зможа вярнуцца да нармальнага жыцьця.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG