Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША сабраліся перакінуць у Польшчу яшчэ 1000 вайскоўцаў


Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сустрэчы 12 чэрвеня, ілюстрацыйнае фота

Злучаныя Штаты павялічаць сваю вайсковую прысутнасьць у Польшчы, заявіў 23 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сустрэчы ў Нью-Ёрку з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

Лідэры ЗША і Польшчы падпісалі дэклярацыю аб пашырэньні супрацы ў сфэры абароны. Дакумэнт прадугледжвае, што ў Польшчу дадаткова накіруюць 1 тысячу амэрыканскіх вайскоўцаў — паводле Трампа, магчыма, іх перакінуць з вайсковых базаў, разьмешчаных у іншых эўрапейскіх краінах.

Польшча абавязуецца за свой кошт збудаваць неабходную інфраструктуру для разьмяшчэньня вайскоўцаў. Гаворка пры гэтым не ідзе аб стварэньні новай вайсковай базы. З ідэяй стварэньня базы раней выступаў польскі прэзыдэнт, прапаноўваючы для яе назву «Форт Трамп».

Цяпер у Польшчы разьмешчана каля 4500 амэрыканскіх вайскоўцаў. На пытаньне пра тое, ці зьвязана ўзмацненьне амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў Польшчы з пагрозай з боку Расеі, Трамп адказаў адмоўна.

Паведамленьні пра пляны павелічэньня прысутнасьці вайскоўцаў ЗША ў Польшчы зьявіліся яшчэ ў чэрвені. Першы кантынгент быў накіраваны ў Польшчу ў 2017 годзе для таго, каб прадэманстраваць прыхільнасьць Злучаных Штатаў прынцыпу сумеснай абароны са сваімі саюзьнікамі ў NATO перад тварам небясьпекі з боку Расеі. Анэксія Масквой Крыму і маштабная падтрымка Расеяй сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны пасяліла сур’ёзную трывогу адносна расейскіх намераў у Польшчы і краінах Балтыі.

У Нью-Ёрку цяпер праходзіць сэсія Генэральнай асамблеі ААН, Трамп праводзіць сэрыю сустрэчаў з замежнымі лідэрамі, якія прыбылі на сэсію. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае міністар замежных справаў Уладзімер Макей, сустрэч ягоных з кіраўнікамі іншых дзяржаваў не анансавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG