Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Дуда патлумачыў, чаму паміж Польшчай і Расеяй немагчымая дружба


Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што хацеў бы сяброўскіх стасункаў з Расеяй, але цяпер гэта немагчыма. У час сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам Дуда сказаў, што ў апошнія гады Расея зноў паказвае сваё «непрыемны, імпэрскі твар», паведамляе прэс-служба Белага дома.

Гістарычна так склалася, заявіў Дуда, што Расея заўсёды хацела захапіць тэрыторыю Польшчы: «Мы ніколі ня мелі вялікай дружбы з Расеяй. Расея заўсёды імкнулася заняць нашу тэрыторыю. Яна была саўдзельнікам падзелу Польшчы на працягу 123 гадоў. Польшчы не існавала, паколькі частку тэрыторыі заняла Расея».

«Сёньня мы знаходзімся ў наступнай сытуацыі: Расея напала на Грузію. Затым, у 2014 годзе, яна напала на Ўкраіну. І гэта факты. Гэта факты нядаўняй гісторыі. Мы хацелі б, каб Расея была нашым сябрам, але, на жаль, Расея зноў дэманструе вельмі нядобрасумленнае, непрыемнае, імпэрскае аблічча, і мы ня хочам быць часткай сфэры ўплыву Расеі».

«І я рады, што сёньня мы можам сьмела казаць, у тым ліку ў сувязі з вайсковай прысутнасьцю ЗША і NATO ў Польшчы, што мы сапраўды, у першую чаргу з палітычнага пункту гледжаньня, зьяўляемся часткай Захаду», — сказаў Дуда.

Раней Трамп і Дуда абмеркавалі магчымасьць адпраўкі 2000 амэрыканскіх салдат у Польшчу і адкрыцьця вайсковай базы «Форт Трампа».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG