Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы прадстаўнік Эўразьвязу ў Беларусі: «Ёсьць адно слова, якое тут мае вельмі вялікае значэньне»


Дырк Шубэль. Фота: БелаПАН
Дырк Шубэль. Фота: БелаПАН

Новы кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль прыбыў у Менск крыху больш за два тыдні таму. У інтэрвію БелаПАН ён расказаў, чаго чакае ЭЗ ад парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, калі могуць быць адмененыя санкцыі і што з пагадненьнем аб спрашчэньні візавага рэжыму.

Дырк Шубэль некалькі разоў наведваў Менск у якасьці начальніка аддзелу двухбаковых адносінаў з краінамі Ўсходняга партнэрства Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў, а пошні раз — у ліпені 2018 году. Ён узначальваў дэлегацыю Эўразьвязу падчас чарговага, пятага, раунду дыялёгу «Беларусь — ЭЗ» па правах чалавека.

Асноўныя тэзісы ягонага інтэрвію

Кантакты з урадам і грамадзянскай супольнасьцю

  • Сваю галоўную задачу я бачу менавіта ў далейшым паляпшэньні нашых адносін, і ня толькі з урадам, але і з усімі супольнасьцямі ў Беларусі.
  • Мы знаходзімся ў кантакце з урадам, а ў бліжэйшы час я маю намер сустрэцца і зь іншымі прадстаўнікамі беларускага грамадзтва — нашымі партнэрамі з грамадзянскай супольнасьці, бізнесоўцамі, журналістамі.
  • Таксама пляную наведаць усе вобласьці Беларусі.
  • Такіх інтэнсіўных кантактаў паміж ЭЗ і Беларусьсю яшчэ не было за ўсю гісторыю незалежнасьці Беларусі.
  • Варта згадаць супрацоўніцтва Беларусі з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам і тое, што зноўку наладжанае ўзаемадзеяньне дзяржаўнага сэктару з Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця.
  • Вельмі важна, што мы запусьцілі праекты TWINNING. Гэта вельмі карысны і эфэктыўны інструмэнт узаемадзеяньня паміж галіновымі ведамствамі ЭЗ і трэціх краін. Ён дазваляе экспэрту зь любой краіны ЭЗ, якую абярэ бок, які прымае (у дадзеным выпадку Беларусь), прыехаць сюды і працаваць тут год, а часам і больш.
  • мы працуем над падрыхтоўкай вызыту ў Менск кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыкі Магерыні.

  • Што ЭЗ зразумеў пра Беларусь

  • За шматгадовы досьвед працы з краінамі вашага рэгіёну я зразумеў, што ёсьць адно слова, якое тут мае вельмі вялікае значэньне. Магчыма, нават большае, чым у нашай, больш заходняй частцы Эўропы. Гэтае слова — стабільнасьць.
  • Пытаньні правоў чалавека і дэмакратыі будуць адыгрываць важную ролю і для мяне асабіста падчас працы ў Беларусі. І я без ваганьняў буду падымаць іх у час розных сустрэч. Спадзяюся, мы здолеем дамагчыся прагрэсу па гэтых пытаньнях за час маёй працы тут.

Пра выбары

  • Выбары — гэта тая сфэра, дзе за апошнія гады ня быў дасягнуты дастатковы прагрэс. Неабходная ўсёабдымная рэформа выбарчага заканадаўства,
  • Мы спадзяемся, прынамсі, што выбары ў лістападзе пройдуць у адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам і што будуць некаторыя паляпшэньні ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі. Мы будзем вельмі ўважліва сачыць за хадой усёй выбарчай кампаніі.

Калі ЭЗ адменіць усе санкцыі

Пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму

  • Увесну сёлета мы змаглі завяршыць перамовы па тэксьце пагадненьня. Цяпер з боку ЭЗ праходзяць унутраныя працэдуры ўзгадненьня. Праз два месяцы пасьля заключэньня дакумэнт уступіць у сілу.
  • Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, у якой няма базавага двухбаковага пагадненьня з ЭЗ. Відавочна, настаў час, каб такое пагадненьне зьявілася.

Беларусь-Расея

  • Мы зацікаўленыя ў тым, каб у Беларусі былі добрыя адносіны ў тым ліку і з Расейскай Фэдэрацыяй. І мы таксама хацелі б разьвіваць нашы адносіны зь Беларусьсю ў адпаведнасьці з нашым бачаньнем.

Будучыя супольныя праекты з ЭЗ

  • Неўзабаве ЭЗ уступае ў новы фінансавы цыкль (бюджэтны пэрыяд). Гэта адбудзецца ў 2021 годзе. Калегі з Брусэлю, якія займаюцца пытаньнямі Беларусі і краін Усходняга партнэрства, неўзабаве плянуюць прыехаць сюды, каб абмеркаваць зь беларускімі ўладамі і ўсімі зацікаўленымі бакамі прыярытэты на наступны фінансавы цыкль, якія мы зможам дапрацаваць на працягу наступнага году.

Прадстаўнік Нямеччыны Дырк Шубэль быў прызначаны новым кіраўніком прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі ў ліпені і прыбыў у Менск 8 верасьня.

Яго папярэдніца Андрэа Віктарын, таксама зь Нямеччыны, узначальвала прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі ад верасьня 2015 году па сёлетні жнівень. Яе новая пасада — пасол Эўразьвязу ў Армэніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG