Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяты раўнд перамоваў Брусэля і Менску: ці зьявіцца ў Беларусі ўпаўнаважаны ў правах чалавека?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Эўразьвяз і Беларусь 17 ліпеня ў Менску правядуць пяты раўнд двухбаковага Дыялёгу аб правах чалавека, паведамілі Свабодзе ў прадстаўніцтве Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі.

Там адзначаюць, што «бакі разгледзяць шырокі спэктар пытаньняў, зьвязаных з правамі чалавека і дэмакратыяй як у Беларусі, так і ў ЭЗ, і абмяркуюць супрацоўніцтва ў прасоўваньні правоў чалавека на міжнародных пляцоўках, у тым ліку з дапамогай мэханізмаў ААН».

Эўрапейскую дэлегацыю ўзначаліць Дырк Шубэль, кіраўнік аддзелу двухбаковых дачыненьняў з краінамі «Ўсходняга партнэрства» Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў. Беларускі бок ачоліць Алег Краўчанка, намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Разам зь ім будуць працаваць прадстаўнікі беларускага МЗС ды іншых профільных міністэрстваў.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці і недзяржаўных арганізацый таксама прымуць удзел у абмеркаваньнях.

Праваабаронца: «Зьмены да лепшага ёсьць, але яны не сыстэмныя»

Сябра рады праваабарончай арганізацыі «Вясна» Валянцін Стэфановіч лічыць, што за год, які прайшоў паміж чацьвёртым і пятым раўндам, «сыстэмных зьменаў з правамі чалавека ў Беларусі ў лепшы бок не адбылося».

Валянцін Стэфановіч, ілюстрацыйнае фота
Валянцін Стэфановіч, ілюстрацыйнае фота

«Хоць улады, я ўпэўнены, будуць падаваць некаторыя рэчы як зьмены, скіраваныя на сыстэмныя. У законе аб масавых мерапрыемствах уведзены паведамляльны парадак правядзеньня сходаў у пастаянна вызначаных для гэтага месцах. І другое — гэта намер дэкрыміналізацыі дзейнасьці незарэгістраваных афіцыйна арганізацый», — лічыць праваабаронца.

Спадар Стэфановіч кажа, што праваабаронцы ацэньваюць гэтыя дзьве пазыцыі станоўча. Але гэтых захадаў недастаткова, бо яны сутнасна не зьмяняюць сытуацыю ў свабодзе мірных сходаў і свабодзе асацыяцыяў.

Як усё пачыналася

«Эўрапейскі зьвяз адводзіць правам чалавека цэнтральнае месца ў сваіх вонкавых адносінах і вядзе дыялёгі па правах чалавека з многімі краінамі па ўсім сьвеце. Гэтыя дыялёгі знаходзяцца ў падмурку замежных дачыненьняў ЭЗ і зьяўляюцца ключавой часткай яго агульнай стратэгіі, накіраванай на спрыяньне ўстойліваму разьвіцьцю і забесьпячэньне міру і стабільнасьці», адзначаюць у прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Беларусі.

Полюсы беларускага знешнегандлёвага «глобусу»: Расея і Эўразьвяз

У 2001 годзе Рада Эўрапейскага зьвязу прыняла «Кіроўныя прынцыпы дыялёгаў аб правах чалавека з трэцімі краінамі». Праз 8 гадоў яны былі перагледжаныя. Тады ў дакумэнце зафіксавалі неабходнасьць актыўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасьці ў Дыялёгах аб правах чалавека.

У 2009 годзе Беларусь і Эўразьвяз дасягнулі дамоўленасьці што да правядзеньня дыялёгу аб выкананьні правоў чалавека. Афіцыйна дыялёг на гэтую тэму быў ініцыяваны 6 красавіка 2009 году па выніках пасяджэньня Рады Эўразьвязу на ўзроўні міністраў юстыцыі. У рамках дыялёгу прадугледжваліся сустрэчы і ў Беларусі, і ў Эўразьвязе «мінімум раз на год».

Аднак першая сустрэча прайшла ў Брусэлі толькі ў ліпені 2015 году.

На ёй, дарэчы, абмяркоўвалася стварэньне ў Беларусі «Наыянальнага інстытуту правоў чалавека». Ні інстытуту, ні нават упаўнаважанага ў правах чалавека ў Беларусі няма дагэтуль.

Апошні раз экспэрты Эўразьвязу і Беларусі сустракаліся ў Брусэлі 20 ліпеня 2017 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG