Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для скандальнага цэлюлёзнага камбінату ў Сьветлагорску дагэтуль не распрацавалі мэтодыкі вымярэньня шкодных выкідаў


Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы
Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы

Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, які рыхтуецца да запуску пасьля скасаваньня дамовы аб будаўніцтве з кітайцамі, дагэтуль не распрацаваў мэтодыкі выкананьня вымярэньня шкодных выкідаў. Гэта вынікае з дакумэнту, копію якога атрымала Свабода.

Мясцовыя жыхары амаль два гады скардзяцца на смурод ад заводу. Кіраўніцтва прадпрыемства запэўнівае, што непрыемныя пахі ня шкодзяць здароўю.

Дакумэнт называецца «Пратакол даручэньняў» намесьніка прэм’ер-міністра Ігара Ляшэнкі. У ім шэраг заўваг і распараджэньняў, без выкананьня якіх завод ня будзе запушчаны. Свае заўвагі аб новым заводзе зрабілі міністэрствы і ведамствы. Напрыклад, МНС дало 27 заўваг. Паводле «Пратакола даручэньняў», Сьветлагорскі ЦКК цяпер вядзе працу для іх ліквідацыі.

Адзін з пунктаў пратаколу — даручэньне камбінату «да 20 верасьня вызначыць рэальны тэрмін выкананьня работ у распрацоўцы мэтодык выкананьня вымярэньня рэчываў, якія забруджваюць паветра, і прамысловых выкідаў, з улікам правядзеньня неабходных дадатковых экспэрымэнтальных дасьледаваньняў».

Таксама пратакол даручэньняў зьмяшчае патрабаваньне да кіраўніцтва Сьветлагорскага ЦКК падаць сьпіс спэцыялістаў, патрэбных для працы на заводзе; заробак, які можа ім прапанаваць камбінат, і побытавыя ўмовы.

Абяцаньні распрацаваць мэтодыкі вымярэньня шкодных рэчываў кіраўніцтва камбінату давала неаднаразова. Вымяраць газы, якія даюць смурод, мэтыльмэркаптаны, прыяжджалі з расейскай лябараторыі.

Праект будаўніцтва новай вытворчасьці ў Сьветлагорску рэалізуецца з 2010 году. Завод будавалі кітайцы з карпарацыі САМСЕ. Прадпрыемства павінны былі запусьціць у 2015 годзе. Пуск шмат разоў пераносіўся, а завод скаланалі скандалы — то кітайцы ўсталююць забракаваную кабэльную прадукцыю, то мясцовыя жыхары абурацца смуродам, то частка даху абваліцца. У жніўні 2019 году кантракт з кітайцамі быў скасаваны, цяпер беларусы мусяць самі давесьці да ладу «сьмярдзючы» завод.

Кіраўнік ураду Сяргей Румас абяцае: «Задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы аб уводзе ў эксплюатацыю гэтага заводу ў IV квартале, безумоўна, будзе выкананая».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG