Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік дзяржсакратара ЗША ў Менску сустрэнецца з уладамі і грамадзкімі лідэрамі


Намесьнік Дзяржаўнага сакратара ЗША ў палітычных справах Дэвід Гэйл
Намесьнік Дзяржаўнага сакратара ЗША ў палітычных справах Дэвід Гэйл

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў кароткі анонс візыту ў Беларусь намесьніка дзяржаўнага сакратара Дэвіда Гэйла. У анонсе адзначаецца, што ён будзе ў Менску 17 і 18 верасьня, сустрэнецца з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі і лідэрамі грамадзянскай супольнасьці.

Іншых падрабязнасьцяў Дзяржаўны дэпартамэнт не публікуе.

Раней Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміла, што ў Дэвіда Гэйла заплянаваныя перамовы зь міністрам Уладзімерам Макеем. З кім яшчэ мае сустрэцца Гэйл, не паведамляецца.

А нядаўна быў Болтан

29 жніўня Беларусь наведаў дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан — самы высокапастаўлены прадстаўнік амэрыканскіх уладаў з усіх, якія пабывалі ў краіне за апошнія 20 гадоў.

Болтан сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і падчас сустрэчы заявіў, што Вашынгтон спадзяецца знайсьці агульную мову зь Менскам у пытаньнях выкананьня правоў чалавека і нераспаўсюджаньня зброі. Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што Беларусь заўсёды выступала за нармалізацыю дачыненьняў з ЗША і хоча пачаць з чыстага аркуша.

Неўзабаве Болтан у Варшаве сустрэўся з сакратаром Савету бясьпекі Беларусі. Той пасьля сустрэчы казаў, што яны «не плялі інтрыг», а Беларусь застаецца саюзьніцай Расеі.

Беларускія ўлады некалькі разоў прасілі «ня строіць кансьпіралягічных тэорыяў» наконт сустрэч з Болтанам. Празь менш як два тыдні пасьля візыту прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп звольніў Болтана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG