Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меркаваны інфарматар ЦРУ ў асяродзьдзі Пуціна пакінуў свой дом


Дом Алега і Антаніны Смалянковых у Вірджыніі
Дом Алега і Антаніны Смалянковых у Вірджыніі

Алег Смалянкоў, меркаваны інфарматар ЦРУ ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, выехаў з дому ў штаце Вірджынія пасьля публікацый пра яго ў амэрыканскіх СМІ. Пра гэта карэспандэнту Радыё Свабода распавёў адзін з суседзяў Смалянкова.

Карэспандэнт Свабоды прыехаў у дом, які, паводле публічнага рэестру, належыць сям’і Смаленковых. Ніхто не адказаў яму на званок у дзьверы, але яму ўдалося пагутарыць з мясцовымі жыхарамі — многія з якіх, як сказаў яму адзін з суседзяў, былыя або дзейныя супрацоўнікі ФБР і вайскоўцы.

Паводле аднаго з суседзяў, ён чуў, што ў доме ўжо год жыве расейская сям’я. Гэта супадае з дадзенымі журналістаў, пра тое, што год таму сям’я расейцаў купіла гэты дом плошчай 760 квадратных мэтраў, ацэнены на 925 тысяч даляраў.

Гэты сусед чуў, што жыхары пакінулі асабняк пасьля наступленьня цемры 9 верасьня — адразу пасьля таго, як тэлеканал CNN, а затым і іншыя СМІ паведамілі пра завэрбаванага ЦРУ высокапастаўленага супрацоўніка Крамля.

Хто такі Алег Смалянкоў?

Імя Алега Смалянкова раней згадвалася ў сувязі з інфармацыяй пра завэрбаванага ЦРУ высокапастаўленага расейскага чыноўніка. Супрацоўнік амэрыканскай выведкі, паводле дадзеных СМІ, некалькі дзесяцігодзьдзяў будаваў кар’еру расейскага чыноўніка, а ў 2017 годзе быў вывезены з Расеі ў сувязі зь небясьпекай выкрыцьця. Паводле амэрыканскіх журналістаў, агент ЦРУ не ўваходзіў у найбліжэйшае асяродзьдзе Ўладзіміра Пуціна, але рэгулярна сустракаўся з ім.

Імя агента амэрыканская прэса спачатку не раскрывала. У панядзелак ананімны Telegram-канал «Беспощадный пиарщик» апублікаваў вэрсію пра Смалянкова, які летам 2017 года зьнік бязь вестак, зьехаўшы зь сям’ёй на адпачынак у Чарнагорыю. Газэта «Коммерсантъ» знайшла нерухомасьць, запісаную на імя чыноўніка ў Вірджыніі. Газета The New York Times ў аўторак паведаміла, што Смалянкоў працаваў на ЦРУ дзесяцігоддзямі, і паўтарыла версію CNN, што ён быў галоўным інфарматарам спэцслужбаў ЗША па справе аб расейскім умяшаньні ў амерыканскія выбары 2016 году.

Смалянкоў прынамсі пяць гадоў працаваў у апараце памочніка прэзыдэнта Расеі па зьнешняй палітыцы Юрыя Ўшакова. Пра гэта паведаміла ў сераду газэта «Ведомости» са спасылкай на крыніцу, блізкую да спэцслужбаў. У адміністрацыі прэзыдэнта, сьцьвярджае крыніца газэты, Смалянкоў меў доступ «да вельмі далікатнай інфармацыі», у тым ліку да інфармацыі спэцслужбаў. Іншая крыніца газэты ўпэўненая, што сам Смалянкоў наўпрост ня меў доступу да сакрэтных дадзеных, але ён мог атрымоўваць такую інфармацыю ў кулюарных размовах з калегамі. Чыноўнік працаваў у амбасадзе Расеі ў ЗША, калі Ўшакоў быў там паслом, а затым у апараце ўрада РФ, дзе Ўшакоў быў намесьнікам кіраўніка.

У Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі выданьням пацьвердзілі, што Смалянкоў працаваў у ведамстве, але там не камэнтуюць ягоную сувязь з выведкамі іншых краін і ягоны доступ да сакрэтнай інфармацыі. У ЦРУ назвалі інфармацыю «недакладнай», прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сказаў, што адказ ведамства яго задавальняе. У ФСБ інфармацыю не камэнтавалі.

Журналістам зьвязацца са Смалянковым не ўдалося. Калі да ягонага дому прыехаў карэспандэнт NBC News, яму ніхто не адкрыў, неўзабаве да яго пад’ехаў аўтамабіль зь меркаванымі урадавым агентамі ЗША, яны пацікавіліся мэтай візыту рэпартэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG