Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскі чэмпіён Кушнір завяршыў кар’еру. Як украінец празь Беларусь трапіў у Казахстан


Алімпійскі чэмпіён Антон Кушнір

Алімпійскі чэмпіён у фрыстайле Антон Кушнір стаў трэнэрам-кансультантам нацыянальнай зборнай Казахстану. Гэта ён пацьвердзіў у інтэрвію спартоваму парталу Olympic.kz.

Спартовец нядаўна перанёс складаную апэрацыю і, як раней адзначаў у інтэрвію «Трыбуне» галоўны трэнэр беларускай каманды Мікалай Казека, у сілу абставінаў прапусьціць сэзон. Настаўнік таксама не выключаў, што Антон паспрабуе сябе ў ролі трэнэра за мяжой.

«Трэнэрская дзейнасьць была і ёсьць пэрспэктывай для кожнага спартоўца, і я не зьяўляюся выключэньнем, — сказаў алімпійскі чэмпіён казахстанскім журналістам. — Паступова асвойваюся ў вашай краіне. Уразіў мяне Нур-Султан — перш за ўсё сваёй сьвежасьцю, архітэктурай. Мне падабаецца».

Антон Кушнір з жонкай Натальляй
Антон Кушнір з жонкай Натальляй

Як удакладніў Кушнір, запрашэньне папрацаваць з камандай Казахстану паступіла ў канцы мінулага сэзону. Гэта супала з тым, што ён ужо нейкі час задумваўся над завяршэньнем кар’еры.

«Я пагаварыў з трэнэрам зборнай Беларусі, вызначыўся адносна завяршэньня кар’еры і прыняў прапанову ад Казахстану, — патлумачыў спартовец. — Няважна, спартовец ты ці трэнэр, трэба аддавацца сваёй справе максымальна. Да працы трэба ставіцца прафэсійна. Праца ў камандзе Казахстану стане для мяне новым выпрабаваньнем, бо для кожнага чалавека зьмена дзейнасьці, пераход на новую прыступку даюцца складана. Але я гатовы да новых выклікаў. Усе мае рашэньні былі ўзважанымі».

Антон Кушнір родам з украінскага Роўна — як і алімпійская чэмпіёнка ў фрыстайле Ала Цупер. Як казала ў інтэрвію Свабодзе адразу пасьля двайнога трыюмфу ў Сочы-2014 Надзея Іванаўна Кушнір, бабка Антона, толькі пераезд у Беларусь зрабіў яго найлепшым у сваёй справе.

«Думаю, тут нічога не ўдалося б, не было ніякай дапамогі, не выдзялялі грошай, — гаварыла жанчына. — А ён жа сур’ёзна рыхтаваўся, хадзіў на трэніроўкі. Прыйдзе са школы — і адразу бяжыць на батуты. Вельмі стараўся. А потым трэнэр кажа: ведаеш, Антон, нічога мы тут з табой ня зробім, у такіх умовах падрыхтавацца проста немагчыма. Давай паедзем у Беларусь. І ён даў згоду. І бацькі далі згоду. Таму што бацькі хочуць, каб расло дзіця. Так што мы дужа задаволеныя вашымі турботамі, вашай увагай. Антонам я ганаруся і за яго Богу малюся...»

Антону Кушніру 34 гады. Ён жанаты зь беларускай лёгкаатлеткай Натальляй Швец, яны гадуюць сына і трох дачок.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG