Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны трэнэр па фрыстайле: У нас дома гасьцявалі Крапіва, Мележ, Броўка і Шамякін


Мікалай Казека: Мне сорамна, што не магу казаць па-беларуску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:53 0:00
Наўпроставы лінк

Неўзабаве новы сэзон пачнуць, бадай, самыя ўганараваныя беларускія спартоўцы — лыжныя акрабаты. Фэнамэнальныя вынікі фрыстайлістаў немагчыма разглядаць асобна ад галоўнага трэнэра Мікалая Казекі, выхаванцы якога больш за паўтара дзясятка гадоў спраўна папаўняюць мэдалёвую скарбонку зборнай: апроч узнагародаў усясьветных і эўрапейскіх першынстваў, у актыве лятучых акрабатаў — мэдалі ўсіх вартасьцяў на кожнай Алімпіядзе, пачынаючы ад 1998 году.

І сёлета ў Сочы залатым дублем адзначыліся Ала Цупер і Антон Кушнір. Такімі вынікамі ня можа пахваліцца ніводзін беларускі спэцыяліст. Ці магла пры пэўным павароце лёсу кар’ера Мікалая Іванавіча скіравацца ў іншым напрамку?

«Калі прыходзілі літаратары, зразумела, гаварылі паміж сабой па-беларуску»

— На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся зь літаратарамі, сказаў, што яму дастаткова 2 гадзіны, каб пачаць вольна размаўляць па-беларуску (зрэшты, 15 гадоў таму ён казаў тое ж самае). Мікалай Іванавіч, колькі часу запатрабавалася б вам, каб выцягнуць родную мову з закуткаў памяці?

— Ну, у Аляксандра Рыгоравіча даўняя практыка беларускамоўнага кантактаваньня, а ў мяне ж практычна толькі ў сям’і, у дзяцінстве. І то я быў больш слухачом беларускай мовы. Але сям’я — так: калі зьбіраліся на сустрэчы літаратары, творцы, то гаварылі паміж сабой толькі па-беларуску. Нават цяпер, згадваючы тыя часы, магу сказаць, што было вельмі цікава, вельмі прыемна.

— Ваш бацька Янка Казека — вядомы літаратуразнаўца, мовазнаўца, дасьледчык творчасьці Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага, іншых выбітных асобаў...

— Гэтаксама Івана Мележа, Івана Шамякіна, доўга працаваў зь Петрусём Броўкам. Так што наконт беларускай мовы і разуменьня беларускасьці ў іх было ўсё ў парадку.

— То бок гэтыя «глыбы» наведваліся да вас, гасьцявалі?

— Вядома. Добра памятаю, як адзначалі бацькава 50-годзьдзе, гэта быў 1965 год. І хоць кватэрка была невялікая, усе зьмясьціліся, «сходка» атрымалася знатная, чамусьці выразна ўсё гэта запомніў. Шмат фатаздымкаў дзесьці ёсьць, праўда, шмат фатаграфіяў мы аддалі ў архіў бібліятэкі Акадэміі навук. Стрыечная сястра зрабіла падборку для бацькі, дзе ягоныя працы, ягоныя выданьні. І здымкаў таксама было нямала.

— Потым вы ішлі ў школу і вучылі творы клясыкаў, якія ўчора заходзілі ў госьці. Аднаклясьнікі, відаць, зайздросьцілі?

(сьмяецца) Ну, вядома, было прыемна, што вывучаеш творы людзей, зь якімі яшчэ напярэдадні кантактаваў ужывую. Дарэчы, хоць і велічыні, але зусім ня снобы былі, абсалютна простыя ў гутарцы. Актыўна цікавіліся, як у мяне справы. Я тады ўжо займаўся спортам, выступаў на ўсесаюзных спаборніцтвах, дык некаторыя апасродкавана нават сачылі за маімі выступамі. Думаю, што, канечне, больш з аповедаў бацькі ведалі. Ясна, што ім таксама было цікава. Я пытаньняў па літаратуры ім не задаваў, шчыра скажу, але тое, што спортам яны цікавіліся і цікавіліся досыць жыва, то гэта 100%.

Мікалай Казека
Мікалай Казека

«У загадным парадку моўнае пытаньне ня вырашыш, павінны скласьціся ўмовы»

— Практычна ўвесь сэзон вы праводзіце на міжнародных спаборніцтвах, дзе звыклая справа, калі прадстаўнік нейкай краіны гаворыць па-свойму. І толькі беларусы ледзь не адзіныя, хто не карыстаецца роднай мовай.

— Я вам скажу такую рэч. Наколькі я ведаю, тая ж Шатляндыя ішла да сваёй мовы стагодзьдзямі. Не ў адначасьсе яны яе вярнулі, бо ў загадным парадку гэтага ня зробіш, павінны скласьціся ўмовы. Думаю, што Беларусь таксама мусіць прайсьці гэты шлях, наблізіцца да сваёй мовы, калі народ зноў пачне размаўляць. І тут якраз ваша роля вялікая, журналістаў. Але яшчэ раз кажу: мэтадам загадаў і прымусаў наўрад ці чаго дасягнеш.

— І ўсё ж, калі нават кіраўнік краіны хай ускосна, але зьвяртаецца да моўнай тэмы, можна казаць пра нейкі прагрэс?

— Безумоўна. Вось я вас слухаю, мне таксама вельмі прыемна. Так, хацелася б сказаць, хацелася б адказаць таксама па-беларуску. І сорамна, што не магу. Але характар маёй працы, майго жыцьцёвага кантактаваньня неяк сам сабой перадвызначыў тое, каб мову не забыцца, але, скажам так, пакласьці яе дзесьці збоку, побач, атрымліваць асалоду ад слуханьня беларускай мовы, чуць, як вы гаворыце, кантактаваць з вамі.

Мікалай Казека. Са сваімі выхаванцамі на зборах у Фінляндыі
Мікалай Казека. Са сваімі выхаванцамі на зборах у Фінляндыі

— Акурат месяц таму ў алімпійскім лёгкаатлетычным цэнтры прайшоў фэстываль «Мова Cup». Аляксандра Герасіменя была ініцыятаркай, далучыліся і падтрымалі іншыя спартоўцы. Бадай, упершыню спартовая імпрэза праходзіла пад беларускамоўнай шыльдай. Як да такой ініцыятывы ставіцеся?

— Вельмі здорава і добра, калі гэта будзе мець працяг. Бачыце, і спорт пачынае ўжо прапагандаваць нашу родную мову. Лёд, што называецца, крануўся. Нехта распачаў, спартоўцы падхапілі, прэзыдэнт працягнуў, вы пастаянна ў гэтай справе. Ужо нядрэнна.

«У 1913-м бабуля ад’ехала ў ЗША на заробкі, мая мама нарадзіліся ў Нью-Ёрку»

— Дарэчы, досыць шмат спартоўцаў вельмі ўхвальна адгукаюцца на неабходнасьць звароту ды мовы — і праз інтэрвію, і праз сацыяльныя ролікі, і ў нейкіх кампаніях. Чаму менавіта людзі спорту?

— Мабыць, таму, што гэта частка культуры. Спорт — гэта ж культура, фізкультура. Мова — таксама культура, таму гэта ўсё блізкае, роднае. Відаць, настаў ужо час, эвалюцыя прайшла, унутраная патрэба зьявілася, вось людзі і ўздымаюць тэму. Перш за ўсё патрэбныя веды, практыка. Прыкладам, мае веды дзесьці закапаныя. Адукацыйныя працэсы адбыліся, але яны не разьвіліся — мову ж трэба падтрымліваць. Скажам, мая бабуля была ў Амэрыцы, і калі я пачынаў вывучаць мову ў спэцыялізаванай школе, яна шмат слоў ведала па-ангельску. У 1913 годзе яны ад’ехалі туды ўсёй сям’ёй на заробкі, мама мая, дзядзька мой там нарадзіліся, у Нью-Ёрку. Мама там пачынала ў школу хадзіць, так што ведалі ангельскую мову і карысталіся. Вярнуліся ў 1924 годзе, працавалі ў камуне ў Мар’інай Горцы. Але паколькі потым кантактаў не было, не было магчымасьці падтрымліваць веды, і паступова ўсё забылася. У мамы ўвогуле ніякіх успамінаў пра ангельскую не засталося, а вось бабуля яшчэ крыху памятала.

— У такой сям’і вы маглі пайсьці зусім іншым шляхам, у тым ліку і па той жа літаратурнай сьцяжынцы. Пытаньне збольшага недарэчнае, асабліва на тле россыпу рэгаліяў — ці не памылкай было прысьвяціць сябе спорту?

— Як толькі пачаў займацца спортам, прыйшоў у маю школу на практыку трэнэр Леанід Ёсіфавіч Ліўшыц — гэта чалавек, які сфармаваў мяне і як трэнэра, і як чалавека ў адносінах да ўсяго, што навокал. Вельмі за гэта ўдзячны, царства яму нябеснае. Ён запрасіў мяне ў Дом фізкультуры (цяпер праспэкт Пераможцаў, 2), які тады толькі адчыніўся. І вось ад 1960 году ці 1961-га — ужо нават забыўся, бо фактычна ўсё жыцьцё там прайшло, — як прыйшоў, адразу зразумеў, што гэта маё. Я вельмі любіў акрабатыку, вельмі любіў скачкі на батуце, падабалася займацца гэтай справай.

ікалай Казека. З маладым памочнікам Міхасём Курловічам
ікалай Казека. З маладым памочнікам Міхасём Курловічам

— Менавіта таму — ці не апасаецеся давяраць маладым? Вашаму асыстэнту-памочніку Міхасю Курловічу — усяго 23 гады, але вы не пабаяліся паставіць яго на Алімпіядзе адказным за прызямленьне на трампліне.

— Так, ён асыставаў мне шмат у якіх аспэктах падрыхтоўкі, таму што не адзін я займаюся, мы ўвесь схіл стараемся ахапіць, усю плоскасьць спаборніцтваў. Ён аказаўся цалкам, як кажуць, да кампаніі. Замена была як бы вымушаная, але яна аказалася ўдалай. І тое, што Міша такі камунікабэльны, кантактны хлопец, знаходзіць агульную мову і з хлопцамі, і зь дзяўчатамі, убірае ў сябе вельмі хутка ўсе заўвагі, цікавіцца ўсімі навінкамі, пра тое, чаго ня ведае, не саромецца запытаць і вельмі хутка карэктуе свае пазыцыі, — я, напрыклад, задаволены. А тое, што малады? Дык мяне ў 23 гады ніхто не запрашаў, я самастойна стаў трэнэрам. Так што я шчасьлівы, што запрасіў Мішу, і думаю, што ён мае шанец вырасьці ў добрага трэнэра.

— Новы сэзон пачынаецца з сур’ёзных кадравых стратаў. Кар’еру завяршаюць Аляксей Грышын, Дзьмітры Дашчынскі, Ала Цупер. З кім далей будзеце здабываць мэдалі? Спадзяваньне на Антона Кушніра?

— Пытаньне такое балючае і добрае, акурат у пару. На жаль, час ідзе, прыйшоў і іх час. Усе названыя спартоўцы вельмі шмат зрабілі, яны дастаткова праславілі нашу спартовую дзяржаву, наша рэнамэ на ўсясьветным узроўні. Яны зрабілі сваю справу, вялікі ім дзякуй. Я думаю, ім ужо можна пераарыентавацца і пачаць іншую дзейнасьць. Правільна зрабілі, што яны ўсё ж абвясьцілі пра гэта. Ну, і пара ўжо маладым пра сябе заяўляць. Ёсьць хлопцы, дзяўчаты, глядзім. Вядома, будзе першы час цяжка, але пакуль што Антон Кушнір будзе з намі на ўсю моц працаваць, так што можам паціху прыкрыцца яшчэ ягонымі вынікамі, ён дапаможа.

Зорная каманда беларускіх фрыстайлістаў
Зорная каманда беларускіх фрыстайлістаў

«Родныя Кушніра і Цупер жывуць у Роўне, але родным горадам Антон і Ала лічаць Менск»

— Трыюмфатары Алімпійскіх гульняў — і Кушнір, і Цупер — паказалі выбітныя вынікі на фоне трывожнай сытуацыі на іхнай радзіме. Наколькі падзеі ва Ўкраіне маральна, псыхалягічна віселі над імі цяжарам і тады, і цяпер?

— Скажу так: асабіста я лічу, што абое сябе лічаць больш беларусамі. Прыкладам, Ала за каманду Беларусі выступала ўжо ў 2002 годзе ў Солт-Лэйк-Сіці. Да нас яна пераехала ў 1998-м, адразу пасьля Алімпіяды ў Нагана. Яна тут ужо больш за 15 гадоў, сям’я ў яе, дачку яна тут нарадзіла. Яна ўжо беларускімі крытэрамі мысьліць. Антон увогуле прыехаў юным спартоўцам — у 2002-м, якраз пасьля зімовых Гульняў. То бок яны ўжо досыць доўгі час пражылі ў Беларусі і лічаць Менск сваім родным горадам. Так, бацькі там, так, яны чулі шмат нэгатыўных рэчаў, якія адбываліся ва Ўкраіне. Але неяк мы былі зараджаныя на выступы на спаборніцтвах, і ўсё неяк было збоку, мы асабліва на гэтым не завастраліся. Толькі калі вярнуліся назад у Беларусь, зразумелі, што там ідзе сур’ёзная заваруха.

— Мікалай Іванавіч, у якім цяпер стане пасьля цяжкай траўмы яшчэ адзін ваш выхаванец — Дзіма Рак? Каманда падтрымлівае?

— Мы, натуральна, наведваем яго, а раней ён прыходзіў да нас на трэніроўкі, паціху займаўся з намі харэаграфіяй. У яго засталася праблема з кароткай памяцьцю. Тое, што было раней, — ён усіх узгадвае, усіх па імёнах называе, памятае ўсе моманты. А тое, што было, скажам, 5 хвілін таму, можа і ня ўспомніць. Кудысьці пайсьці і страціць арыентацыю, дзе ён знаходзіцца. І лекары цяпер зрабіць пакуль што нічога ня могуць. А так ён сам перамяшчаецца, ходзіць.

Падрыхтоўка алімпійскіх трамплінаў
Падрыхтоўка алімпійскіх трамплінаў

— Вось ужо каторы год у Менску ня могуць здаць Цэнтар падрыхтоўкі фрыстайлістаў. Калі ўрэшце ўсё будзе гатова, вам будзе прасьцей ці ў нейкім сэнсе дадасьць складанасьцяў? Прынамсі, адпадзе мэтазгоднасьць трэніровачных выездаў за мяжу?

— Мы і так з прыемнасьцю тут трэніруемся. Што тычыцца летняга фрыстайлу, праводзім усю неабходную водную падрыхтоўку. А выяжджаем толькі канкрэтна на спаборніцтвы, на падрыхтоўку непасрэдна да стартаў. Гэта частка нашай падрыхтоўкі. Я нагадаю, што яшчэ ад першай Алімпіяды, ад 1994 году, калі мы пачалі выступаць, і досыць пасьпяхова, нам усё абяцалі і абяцалі нешта пабудаваць. Потым, ужо пасьля мэдаля Дзімы Дашчынскага, з самага верху прагучала, што ўсё ж трэба для фрыстайлу нарэшце будаваць нейкую базу, было прынятае рашэньне на месцы адкрытага басэйну ў водна-спартовым камбінаце ўзводзіць аграмадны комплекс. Праўда, я і сам не чакаў, што ў канчатковым выніку ён вырасьце ў такі глябальны праект, што там і боўлінг будзе, і ўсё астатняе. Канкрэтна фрыстайлу там прысьвечана, па-мойму, 9% ад усёй будоўлі. І то мы літаральна ў апошні момант спартовую залю ўклінілі, была зусім маленькая. Але факт, што будзе база нарэшце свая, для фрыстайлу, — безумоўна, здорава. Бо ніводзін больш ці менш пасьпяховы від спорту ў Беларусі ня можа сказаць, што ня мае сваёй базы. Апроч фрыстайлу.

З камандай асыстэнтаў у Сочы
З камандай асыстэнтаў у Сочы

«Здольных арыентавацца ў прасторы і выконваць складаныя элемэнты — адзінкі»

— Фактычна была толькі «рэзэрвацыя» ў Раўбічах?

— Ну, і то мы там займаліся толькі зімой. У Раўбічах досыць добры зімовы схіл для трэніровак, для спаборніцтваў. Але ж асноўная падрыхтоўка фармуецца і вядзецца ў залі. Дзеткі, дзіцячыя спартовыя школы — калі мець на ўвазе, каб гэты від спорту функцыянаваў не адзін ці два дні, а каб на высокім узроўні была пераемнасьць, каб расьлі новыя малады спартоўцы. Так што, вядома, трэба думаць пра свой куточак.

— І як будзе свая база, спадзеяцеся, пацягнецца больш дзяцей? Усё ж умовы будуць досыць камфортныя...

— Найперш, гэта такі від спорту, у якім мы не імкнёмся да масавасьці. Фрыстайл апрыёры ня можа быць масавым. Таму што такога складу спартоўцаў (менавіта з такой спартовай псыхалёгіяй), прыстасаваных да экстрэмальных відаў, здольных у прасторавай арыентацыі выконваць такія супэрскладаныя элемэнты, — вельмі няшмат, іх трэба шукаць. І дзеля таго каб знаходзіць, неабходна праводзіць сэлекцыю кандыдатаў. І я думаю, што ўласны трэніровачны цэнтар дазволіць гэта рабіць больш эфэктыўна. Мы і цяпер спрабуем, але робім гэта сумесна са школай акрабатыкі і батуту. Спадзяюся, цяпер будзем больш мэтанакіравана, самастойна дзейнічаць.

Ударная моц паветраных акрабатаў
Ударная моц паветраных акрабатаў

— Фрыстайлістаў сапраўды называюць экстрэмаламі, а ў падтэксьце чуваць «шалёныя». Наколькі трэба быць не такімі, як іншыя, не баяцца?

— Ды не, увесь фокус якраз у тым, што ўсе баяцца. І фрыстайлісты, напэўна, ня меней, чым усе астатнія, баяцца. Іншая справа, што менавіта вось гэтая фаза — «пераадолей сябе» — у фрыстайлістаў працуе асэнсавана і дакладна. Гэта ні ў якім выпадку ня ў багну з галавой. Кожная рызыка, кожны скачок — абгрунтаваныя. Кожны скачок дасканала рыхтуецца і выконваецца.

——————————————————

Мікалай Казека нарадзіўся ў 1950 годзе ў Менску ў сям’і настаўніцы малодшых клясаў Вольгі Дзьмітрыеўны і літаратуразнаўцы, галоўнага рэдактара выдавецтва «Белдзяржвыдат» (потым «Беларусь»), намесьніка галоўнага рэдактара ў «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі», ляўрэата Дзяржпрэміі БССР Янкі Казекі. Яшчэ ў школе пачаў займацца скачкамі на батуце. У 15-гадовым узросьце дэбютаваў на першых усесаюзных спаборніцтвах, а ў 1972-м стаў чэмпіёнам СССР у скачках на батуце. Потым яшчэ ня раз станавіўся прызэрам спаборніцтваў. Пасьля заканчэньня кар’еры паспрабаваў сябе трэнэрам па скачках у ваду, а ў 1986 годзе прыняў прапанову ўзначаліць каманду БССР у новым відзе спорту — фрыстайле (лыжная акрабатыка). Пасьля атрыманьня краінай незалежнасьці — нязьменны галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі. Беларускія фрыстайлісты лічацца аднымі з наймацнейшых у сьвеце. Выхаванцы Мікалая Казекі заваявалі шэсьць мэдалёў на зімовых Алімпійскіх гульнях, зь іх тры — найвышэйшай вартасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG