Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Касякоў не заўважана». Лукашэнка перадаў галоўнаму сілавіку Расеі дасье КДБ на яго

абноўлена

Мікалай Патрушаў, архіўнае фота
Мікалай Патрушаў, архіўнае фота

Сакратар Рады бясьпекі Расеі, былы дырэктар ФСБ Мікалай Патрушаў наведаў Беларусь 10 верасьня. Спачатку была анансаваная толькі яго сустрэча зь беларускім калегам Станіславам Засем, але, як піша БелТА, Патрушаў сустрэўся і з Аляксандрам Лукашэнкам.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мае шэраг пытаньняў, важных для беларуска-расейскіх дачыненьняў, якія хоча абмеркаваць зь Мікалаем Патрушавым, асобна адзначыў нядаўнюю сустрэчу прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі і перамовы пра «саюзную дзяржаву». Таксама Лукашэнка адзначыў, што ў візыце няма «ніякай надзвычайшчыны», хоць «некаторыя СМІ» (якія, не сказаў) «займаюцца кансьпіралёгіяй».

«Надзвычайшчыны быць ня можа, бо, нягледзячы на шэраг пытаньняў, нават адчувальных, дай божа, каб іншыя дзяржавы мелі адзін з адным такія стасункі, якія маюць сёньня Беларусь і Расея, — адзначыў Лукашэнка. — Таму тут ніякай кансьпіралёгіі нават быць не можа».

У час сустрэчы Лукашэнка перадаў Патрушаву «памятны падарунак, зьвязаны са службай на тэрыторыі Беларусі ў часы СССР (ён быў слухачом «вышэйшых курсаў» КДБ у Менску ў 1974–75 гадах):

«Я разумею, што вы шануеце тыя гады, — сказаў Лукашэнка, калі перадаў Патрушаву дасье на яго ад КДБ. — Адрасы, паролі, яўкі — усё тут. Але дзіўна: касякоў ніякіх не заўважана ў тыя гады, таму і сталі вялікім чалавекам. Думаю, вам прыемна будзе ўспомніць тыя гады».

Патрушаў пацьвердзіў: у ягоным візыце «нічога звышнатуральнага няма», праца радаў бясьпекі ідзе «на плянавай аснове».

«Мы зь ім пагаварылі аб пытаньнях стратэгічнай стабільнасьці, пра тыя зьмены, што адбываюцца ў міжнароднай і рэгіянальнай бясьпецы, як іх трэба ўлічваць, якія новыя выклікі і пагрозы і які ўплыў яны аказваюць, як трэба рэагаваць на тыя дзеяньні, якія чыняць нашы партнэры», — расказаў Патрушаў пра сустрэчу з Лукашэнкам.

Патрушаў згадаў спыненьне дзеяньня Дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці паміж Расеяй і ЗША. Ён заявіў, што ЗША «перадусім бачаць праціўнікам Кітай», але дадаў, што амэрыканскія ракеты з Польшчы і Румыніі «дастаюць нашую тэрыторыю». Таксама ён падтрымаў прапанову Лукашэнкі падпісаць дамову аб неразьмяшчэньні ракетаў сярэдняй і меншай далёкасьці ў Эўрапейскім рэгіёне.

У Патрушава пасьля сустрэчы з Лукашэнкам заплянаваная і сустрэча зь беларускім калегам — дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Беларусі Станіславам Засем.

Да таго Зась казаў журналістам, што сустрэча «ні ў якім разе не зьвязаная зь нейкімі міжнароднымі падзеямі», але абмяркоўваць будуць і пытаньні, якія «карэлююць» з «тым, што абмяркоўвалася ў Варшаве» — там, дзе ён сустракаўся з дарадцам прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джонам Болтанам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG