Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія спартоўцы мусяць кампэнсаваць выдаткі на падрыхтоўку, калі выступаюць за іншую краіну


Як Лукашэнка наводзіць парадак у спорце, «Вясёлыя карцінкі»
Як Лукашэнка наводзіць парадак у спорце, «Вясёлыя карцінкі»

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 329 «Аб нацыянальных і зборных камандах Рэспублікі Беларусь у відах спорту».

Згодна з дакумэнтам, беларускія спартоўцы, якія вырашылі выступаць за замежныя дзяржавы, павінны вярнуць грошы на падрыхтоўку, гаворыцца ў тлумачэньні на прэзыдэнцкім сайце. Сам указ яшчэ не апублікаваны.

Але адзначаецца, што дадатакам да дзейных нормаў замацаваны абавязак атлетаў кампэнсаваць выдаткі на іхную падрыхтоўку пры сыстэматычным парушэньні абавязаньняў падчас удзелу ў спаборніцтвах або ў выпадку рашэньня выступаць за зборныя каманды замежных дзяржаў.

У канцы мінулага году на нарадзе аб разьвіцьці летніх відаў спорту Аляксандар Лукашэнка абурыўся, што здольныя спартоўцы зьяжджаюць за мяжу, а краіна закрывае на гэта вочы.

«Калі за мяжу зьедзе хоць адзін здольны спартовец, пройдуць праверкі па вэртыкалі, што мала ня здасца, — казаў Лукашэнка. — Трэба прапісаць у дамовах выплаты дзяржаве, калі спартовец зьяжджае: заплаці за сваю падрыхтоўку і будзь вольны. Бо едуць або ад нашай бязглузьдзіцы, або там, дзе бабла адвалілі».

Паводле Лукашэнкі, сёньня спорт — гэта ўжо «не барацьба, а вайна». «Ты выходзіш, як на вайну, на пляцоўку з клюшкай ці ў футбол гуляеш. Толькі тады ты можаш перамагчы», — падсумаваў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG