Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздароўя патлумачыла, каму з супрацоўнікаў прыватных мэдцэнтраў трэба мець першую ці вышэйшую катэгорыю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Лукашэнка зьменшыў патрабаваньні да стажу мэдычных супрацоўнікаў. Ад 1 кастрычніка недзяржаўным арганізацыям аховы здароўя не абавязкова мець у штаце толькі дактароў першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Міністэрства здароўя патлумачыла, каго не закрануць гэтыя зьмены.

Першую ці вышэйшую мэдычную катэгорыю павінны абавязкова мець:

  • кіраўнік арганізацыі аховы здароўя ці яго намесьнік;
  • кіраўнік адасобленага падразьдзяленьня арганізацыі, якая не зьяўляецца арганізацыяй аховы здароўя;
  • асоба, якая паводле загаду кіраўніка ўстановы адказная за ажыцьцяўленьне ліцэнзаванай дзейнасьці ў арганізацыі, якая не зьяўляецца арганізацыяй аховы здароўя — напрыклад, калі ў арганізацыі толькі адзін мэдсупрацоўнік;
  • індывідуальны прадпрымальнік;
  • мінімум адзін мэдсупрацоўнік арганізацыі ці прыцягнуты індывідуальным прадпрымальнікам на кожную працу ці паслугу з мэдычным складнікам ва ўсіх месцах яе ажыцьцяўленьня.

Пры гэтым кіраўніком прыватнай арганізацыі аховы здароўя можа быць прызначаны лекар ці іншая асоба без мэдычнай адукацыі — пры ўмове, што намесьнікам кіраўніка возьмуць у штат чалавека з

  • вышэйшай мэдычнай адукацыяй;
  • першай ці вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй;
  • наяўнасьцю павышэньня кваліфікацыі ці перападрыхтоўкі па арганізацыі аховы здароўя ці спэцыяльнасьці, якая адпавядае заяўленай працы і паслугам.

Усім астатнім мэдсупрацоўнікам дастаткова мець любую кваліфікацыйную катэгорыю. Выключэньне — мэдсёстры па масажы (тэхнікі-масажысты) і зубныя тэхнікі, для якіх не патрабуецца наяўнасьць кваліфікацыйнай катэгорыі.

Патрабаваньне пра наяўнасьць досьведу працы па спэцыяльнасьці абавязковае толькі для асоб, якія маюць вышэйшую мэдычную адукацыю. Досьвед працы павінен складаць ня менш за тры гады незалежна ад пэрыяду, калі ён быў атрыманы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG