Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны зьбіраюць кавуны з Лукашэнкам. Ці не было парушана працоўнае заканадаўства?


У Беларусі ёсьць нормы падыманьня цяжараў для жанчын. А кавуны ў Лукашэнкі раней заважвалі і па 10 кіляграмаў.

29 жніўня прэс-служба прэзыдэнта апублікавала відэа. На ім дзяўчаты са службы пратаколу прэзыдэнта зьбіраюць разам з Аляксандрам Лукашэнкам ураджай кавуноў. Ня кожны кавун зь лёгкасьцю падымае і сам Лукашэнка (рост каля 180, вага ня менш за 100 кіляграмаў). Дзяўчаты на відэа перакідаюць кавуны адна адной, закідаюць у кузаў, а адна нават носіць па два кавуны.

Ці ня шкодзіць гэта ўсё жаночаму здароўю?

Што кажа закон

Міністэрства аховы здароўя вызначыла гранічныя нормы падыманьня і перамяшчэньня цяжараў жанчынамі. Яны прапісаныя пастановай ад 13.10.2010 № 133. Нормы расьпісаныя такім чынам:

  • Падыманьне і перамяшчэньне цяжараў пры чаргаваньні зь іншай працай (да 2 разоў на гадзіну) — 10 кг
  • Пад’ём і перамяшчэньне цяжараў пастаянна на працягу працоўнай зьмены — 7 кг
  • Сумарная сума грузаў, якія перамяшчаюцца на працягу кожнай гадзіны змены:
  • З працоўнай паверхні — да 350 кг
  • З падлогі — да 175 кг

Пры гэтым удакладняецца, што адлегласьць, на якую перамяшчаецца груз уручную, не павінна перавышаць 5 мэтраў, а вышыня падыманьня грузу абмяжоўваецца 1 мэтрам, а з працоўнай паверхні — 0,5 мэтра.

Што думае праваабаронца

«На апублікаваным відэа мы бачым кавуны, вагой нашмат большыя, чым 7 кіляграмаў. Мы бачым, як кволыя дзяўчаты іх падымаюць, пераносяць нават па два ў руках і кідаюць іх на вышыню ў грузавы кузаў. Нават калі ўзяць сярэднюю вагу кавуна 5–7 кіляграмаў, і пры ўмове, што 10 дзяўчат разам з прэзыдэнтам сабралі 20 тон кавуноў, выходзіць па 2 тоны на чалавека. Каб не парушаць вызначаную Мінздароўя забарону на 175 кг у гадзіну, уборкай трэба было займацца ня менш як 12 гадзін. Гэта безь перапынку і адпачынку», — кажа праваабаронца Леанід Судаленка. Ён часта абараняе інтарэсы працоўных у судах.

Удакладніць, колькі важаць кавуны ў гаспадарцы Лукашэнкі, не ўдалося. На адным з папярэдніх відэа з уборачнай на прэзыдэнцкіх палях кавуны такіх памераў заважвалі па 10 кіляграмаў.

«Калі работнік лічыць, што наймальнік парушае яго працоўныя правы, ён мае права зьвярнуцца да дзяржаўнай інспэкцыі па працы ці наўпрост у суд са скаргаю, каб быў зафіксаваны выпадак такога парушэньня. Калі гэта будзе пацьверджана, можна патрабаваць датэрміновага звальненьня з працы з выплатай на карысьць работніка трох сярэднямесячных заробкаў», — кажа Судаленка.

«Работнік-жанчына мае законнае права адмовіцца ад той працы, якая ёй забароненая заканадаўствам», — мяркуе праваабаронца.

Чаму шкодна падымаць цяжкасьці

  • Гэта можа прывесьці да хваробаў вен і сасудаў.
  • Гэта можа прыводзіць да ссоўваньня ўнутраных органаў. Падыманьне цяжараў шкодзіць ныркам і, што асабліва важна для жаночага здароўя, можа справакаваць апушчэньне маціцы.
  • Гэта кепска ўплывае на хрыбетнік і можа прывесьці да грыжаў хрыбетніка.
  • Катэгарычна забаронена падымаць цяжкія рэчы цяжарным жанчынам. Гэта можа прывесьці да ўскладненьняў цяжарнасьці і выкідышаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG