Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-мэнэджэра расейскай кампаніі затрымалі ў Італіі па падазрэньні ў шпіянажы


Аляксандар Коршунаў — топ-мэнэджэр, якога затрымалі ў Італіі

Аляксандар Коршунаў, дырэктар па разьвіцьці бізнэсу кампаніі якая ўваходзіць у дзяржкарпарацыю «Ростех» і спэцыялізуецца на рухавіках, быў нядаўна затрыманы ў Нэапалі па запыце ЗША. Яго падазраюць у шпіянажы. Пра гэта паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости».

Паводле інфармацыйнага парталу «Фонтанка», Коршунаў быў затрыманы ў аэрапорце 3 верасьня — улады ЗША западозрылі яго ў эканамічным шпіянажы ў пэрыяд, калі ён займаў пасаду дырэктара па маркетынгу і продажу ў «Объединенной двигателестроительной корпорации» у 2009-2017 гадах.

Гаворка можа ісьці аб крадзяжы інфармацыі карпарацыі «General Electric», якую плянавалася выкарыстоўваць у інтарэсах новага расейскага рухавіка ПД-14 — сьцьвярджаюць «Ведомости». Гэтыя рухавікі плянуецца ўсталёўваць на расейскія грамадзянскія лайнэры МС-21.

Расейскае агенцтва «РБК» паведамляе, што ў амбасадзе Расеі ў Італіі ім не змаглі апэратыўна даць камэнтар аб затрыманьні супрацоўніка дзяржкарпарацыі. Агенцтва накіравала запыт у Міністэрства юстыцыі ЗША. Прэс-служба «Ростеха» заявіла, што дзяржкарпарацыя разьбіраецца ў сытуацыі і ўпэўненая ў невінаватасьці свайго супрацоўніка.

Затрыманьне Коршунава пракамэнтаваў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, выступаючы на Ўсходнім эканамічным форуме ва Ўладзівастоку. Ён назваў тое, што адбылося «нядабрасумленнай канкурэнцыяй». Паводле Пуціна, кампанія што стварае гэты рухавік, заключыла кантракт з італьянскай фірмай для кансультацый.

«Гэта сусьветная практыка, адкрытая камэрцыйная праца. Цяпер амэрыканскія сябры сьцьвярджаюць, што там нешта скралі», — сьцьвярджае расейскі прэзыдэнт.

Што вядома пра Аляксандра Коршунава

Паводле інфармацыі, якая месьціца на вэб-старонцы «Объединенной двигателестроительной корпорации», Аляксандру Коршунаву 57 гадоў. Ён скончыў Маскоўскі энэргетычны інстытут, Дыпляматычную акадэмію МЗС СССР і Вышэйшую школу эканомікі. Атрымаў ступень магістра дзелавога адміністраваньня ў Венскім унівэрсытэце эканомікі і бізнэсу.

Працаваў у МЗС СССР і Расеі, займаў пасады ў апараце ведамства, быў віцэ-консулам у Стамбуле і першым сакратаром Пастаяннага прадстаўніцтва Расіі пры ААН у кенійскім Найробі.

У 2003 годзе ён сышоў з дыпляматычнай службы ў прыватны бізнэс, быў віцэ-прэзыдэнтам «Внешэкономбанка»

Сёньня ў Італіі павінна адбыцца першае пасяджэньне суду, на якім будзе разгледжана пытаньне аб яго экстрадыцыі ў ЗША, сьцьвярджае крыніца парталу «Ведомости».

«Объединённая двигателестроительная корпорация» — найбуйнейшае прадпрыемства па вытворчасьці рухавікоў для авіяцыйнай, марской і касьмічнай тэхнікі ў Расеі. Акрамя таго, карпарацыя займаецца вытворчасьцю прадукцыі для нафтагазавай прамысловасьці і турбін для энэргетыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG