Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна нічога ня памятала пра сапраўдных бацькоў». Гутарка з прыёмнай маці Юлі, якая зьнікла 20 гадоў таму


Юлія Маісеенка
Юлія Маісеенка

Ірына Алпатава расказала Свабодзе, як і чаму вырашыла выхаваць 4-гадовую дзяўчынку з разанскага прыёмніка-разьмеркавальніка.

2 верасьня МУС Беларусі апублікавала кароткі ролік пра гісторыю Юліі Маісеенкі, якая ў 1999 годзе ў 4-гадовым узросьце зьнікла ў Пухавіцкім раёне. Дзяўчынку безвынікова шукалі 20 гадоў, пакуль у Пухавіцкі РУУС не пазваніў расіянін Ільля Крукаў. Ён расказаў, што ўвесь гэты час Юля жыла ў Расеі і нічога ня ведала пра сапраўдную сям’ю.

У роліку, зьнятым у Пухавічах, дарослая ўжо дзяўчына сустракаецца са сваімі бацькамі.

Прыёмная маці беларускай дзяўчынкі расказала Свабодзе, чаму ў 1999 годзе вырашыла выхаваць чужое дзіця і як Юля расла ўсе гэтыя гады.

«Мой хворы сын выжыў, і я паабяцала выхаваць прыёмнае дзіця»

«Я радасьць адчуваю цяпер, адназначна радасьць, — кажа Ірына Алпатава. — Асабліва за Юліных бацькоў. Я маці, у мяне, акрамя Юлі, двое дзяцей яшчэ. Немагчыма ўявіць, які боль яны адчувалі. Нерэальны боль. Таму я вельмі радая за іх, за ўсіх радая. Юля ўжо дарослы чалавек, яна сама вырашае ўсё ў сваім жыцьці. Я думаю, што ў стасунках з бацькамі зь Беларусі ўсё будзе добра. Я для яе зрабіла ўсё, што магла. Перакананая, што ўсё будзе добра».

Ірына ўсё жыцьцё прапрацавала фармацэўтам у аптэцы. Муж спэцыяліст у электрыцы. Да зьяўленьня ў жыцьці Ірыны маленькай Юлі ў пары ўжо было два свае сыны (цяпер ім 30 і 33 гады). Малодшы нарадзіўся зь вялікімі праблемамі са здароўем. Ірына расказвае, што менавіта гэта стала прычынай удачарэньня маленькай Юлі.

Ірына Алпатава (другая зьлева) зь Юляй (трэцяя зьлева)


«Калі ў мяне нарадзілася другое дзіця, яно было вельмі хворае, — успамінае Ірына. — Урачы сказалі, што сын пражыве год. Я малілася Богу, каб ён пакінуў мне дзіця. І калі так атрымаецца, то я вазьму яшчэ адно дзіця, якога мне Бог пашле. Мой сын застаўся жыць. Я доўга не адважвалася выканаць дадзенае абяцаньне, але разумела, што гэта трэба зрабіць. Таму пайшла ў прыёмнік-разьмеркавальнік і проста сказала: дайце мне любое дзіця, я яго выхаваю. Мне паказалі на Юлю. Паказалі пальцам, я ніякага асаблівага выбару і не рабіла. „Яе зараз павінны забраць з прыёмніка ў дзіцячы дом, таму забірайце, калі хочаце“. Я ўзяла. З таго часу Юля жыла з намі».

«Юля заўсёды думала, што бацькі пакінулі яе на пэроне»

Канец 1990-х гадоў у расейскай Разані быў няпростым часам. Сям’я Ірыны не была заможнай, але новыя бацькі стараліся даць Юлі ўсё неабходнае. Пры гэтым яны ня сталі ўтойваць ад дзяўчынкі праўду пра ўдачарэньне.

Юлія Маісеенка
Юлія Маісеенка

«Цяжкія часы былі. Канец 90-х гадоў, — кажа Ірына Алпатава. — Я калі прыйшла тады ў прыёмнік, мяне ўсе дзеці абступілі — вазьміце нас, вазьміце... Цяжкія часы. Юля нейкі час, калі ўжо з намі жыла, хавала хлеб пад падушку. Тыя тыдні, якія яна правяла зь невядомымі людзьмі, якія яе ўкралі, былі вельмі цяжкімі. Мы ад Юлі ніколі ня ўтойвалі, што яна ў прыёмнай сям’і гадуецца. Яна памятала пра бацькоў сваіх, а мы вырашылі падтрымліваць у ёй гэтую памяць. Зразумела, мы думалі, што ў яе дрэнныя бацькі. Мы зыходзілі з таго, што яна нам расказвала, зь яе ўспамінаў. Юля ж думала, што яны яе кінулі на пэроне. Але я заўсёды казала: „Юля, маліся за сваіх бацькоў. Твая мама Люда, бацька Віця. Маліся за іх“. Юля, вядома, у падлеткавым узросьце крыўдзілася на іх. Не хацела маліцца за бацькоў».

Па словах Ірыны Алпатавай, яна спадзявалася знайсьці Юліных бацькоў усе 20 гадоў. Адзінае, была перакананая, што яны вядуць асацыяльны лад жыцьця і сустрэча можа быць непрыемнай.

«Усе гэтыя гады я старалася падтрымліваць у Юлі памяць пра бацькоў, — успамінае прыёмная маці Юлі. — Каб, калі раптам нешта здарыцца, мы былі гатовыя да гэтага моманту сустрэчы. Раптам здарыцца цуд і Юля знойдзе бацькоў. Вось гэты цуд і адбыўся. Хаця на такі цуд мы, вядома, не спадзяваліся. Мы думалі, што ў лепшым выпадку яна знойдзе нейкіх бамжоў. А аказалася, што яны нармальныя, добрыя людзі. Якія проста згубілі сваю дачку».

«У падлеткавым узросьце Юля магла сказаць, што таксама выкіне сваё дзіця»

Прыёмная маці расказвае, што ў іх сям’і не было праблем ад таго, што двое дзяцей былі роднымі, а Юля не. Старэйшыя браты дапамагалі сястры з матэматыкай і фізыкай, апекаваліся ёй у школе. Юля не заўсёды магла справіцца зь цяжкімі прадметамі. А ў падлеткавым узросьце дадаліся праблемы, прычынай якіх быў перажыты ў раньнім дзяцінстве моцны стрэс.

«Калі Юля была маленькая, яна заўсёды за мной хадзіла, абараняла мяне. Калі нехта коса паглядзіць, яна кідалася адразу. Нават калі муж жартам неяк на мяне накідваўся, яна адразу рэагавала. У школе спортам займалася, была спартовай дзяўчынкай. У Разані ў нас ёсьць вялікая лёгкаатлетычная сэкцыя, Юля там некалькі гадоў займалася. Хадзіла ў Палац піянэраў, вышывала там. Яна не была праблемнай. Адзінае, калі пачаўся падлеткавы ўзрост, стала складаней. Была крыўда, што бацькі яе нібыта выкінулі. Юля магла сказаць, што калі народзіць дзіця, то таксама можа яго выкінуць. Для нас гэта быў шок. Казалі ёй, што так нельга. Нават гаварыць так нельга. А Юля адказвала, што раз зь ёй так зрабілі, то і яна можа. Падлеткавы ўзрост для ўсіх цяжкі. А для яе быў асабліва цяжкім. Але неяк мы пераступілі праз гэта. Цяпер усё нармальна, працягваем далей жыць».

Ірына ўжо размаўляла зь беларускімі бацькамі Юлі празь відэасувязь. Яны моцна дзякавалі за тое, што Юля вырасла ў нармальнай сям’і, што ня кінула спробаў знайсьці сваіх сапраўдных бацькоў.

«Мы стараліся прыбраць зь Юлінага сэрца гэтую жорсткасьць, — кажа Ірына. — Хадзілі ў царкву зь ёй. Юля казала, што хоча пабачыць сваіх бацькоў, паглядзець ім у вочы. Мы ж нават не падазравалі, што гэта нармальныя людзі. Юля памятала толькі нейкіх валацуг. У яе памяці засталіся толькі тыя, хто высадзіў яе зь цягніка на пэрон, хто прымушаў жабраваць у электрычках. Яна нічога ня памятала пра сапраўдных бацькоў».

Беларускія бацькі Юлі неўзабаве зьбіраюцца прыехаць у Разань.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG